Рус Бел Eng 中文

Пашпарты падрыхтаванасці да навучальнага года атрымалі 97% устаноў адукацыі Магілёва

Пашпарты падрыхтаванасці да новага навучальнага года атрымалі на 22 жніўня 146 са 150 устаноў адукацыі Магілёва, ці 97%. Пра гэта сёння паведаміла на пасяджэнні гарвыканкама начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму Ірына Новікава.

На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да навучальнага года было выдзелена з гарадскога бюджэту амаль Вr3 млн, а таксама прыцягнута за кошт іншых крыніц (пазабюджэтная дзейнасць, спонсарская і шэфская дапамога) Вr1 млн, што ў 2 разы перавышае ўзровень мінулага года. Гэтыя сродкі ў асноўным былі накіраваны на бягучы рамонт дахаў, фасадаў, замену і рамонт вокнаў і дзвярэй, сантэхнічнага абсталявання і каналізацыі, аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі.

Працягваецца работа па капітальным рамонце будынкаў СШ №18, СШ №1, рэканструкцыі СШ №12. Будаўнікі выйшлі на гэтых аб’ектах на фінішную прамую і завяршаюць работы па аздабленні фасадаў. Па шэрагу ўстаноў вядзецца яшчэ замена аконных блокаў, бягучы рамонт дахаў, рамонт фасадаў і ўладкаванне пад’язных шляхоў. “Невырашальных, вострых праблемных пытанняў па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года ў нас няма. Да 1 верасня ўсе яны будуць гатовыя пачаць навучальны працэс », – падкрэсліла Ірына Новікава.

Паводле яе слоў, у кожнай установе адукацыі выкананы таксама касметычныя рамонты кабінетаў і тэхнічных памяшканняў, спартзалаў і харчблокаў, зроблены рамонт надворнага спартыўнага абсталявання, а прылеглыя тэрыторыі ўладкаваны па індывідуальных ландшафтных праектах. Больш за тое, усе школы і дзіцячыя сады горада на сённяшні дзень атрымалі пашпарты гатоўнасці да працы ў асенне-зімовы перыяд.

Старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў даручыў максімальна актывізаваць работы па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года, прыцягнуць, дзе неабходна, дадатковыя рэсурсы і будаўнікоў і завяршыць работы не пазней за 25 жніўня. «Мы павінны ў гэтыя дні звярнуць асаблівую ўвагу на ўладкаванне пад’язных шляхоў да нашых устаноў адукацыі, абдумаць пытанні асвятлення прылеглых тэрыторый і іх добраўпарадкавання, а таксама пастарацца аказаць максімальна магчымую дапамогу малазабяспечаным катэгорыям грамадзян па падрыхтоўцы дзяцей да школы», – адзначыў мэр.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая