Рус Бел Eng 中文

Адразу тры экіпажы-тысячнікі і чатыры кіроўцы, якія перавезлі ад камбайнаў 1 тыс. т. збожжа, з’явіліся ў Магілёўскім раёне

Адразу тры экіпажы-тысячнікі і чатыры кіроўцы, якія перавезлі ад камбайнаў па 1 тыс. т. збожжа, з’явіліся ў Магілёўскім раёне за мінулыя выхадныя. Усе яны – супрацоўнікі ЗАТ «Агракамбінат “Зара”». З першай пераможнай мяжой у бітве за ўраджай хлебаробаў традыцыйна павіншавалі прафсаюзы.

Старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Ярошчанка ўручыў лідарам жніва падзякі, вымпелы, майкі і кепкі з лагатыпам галіновага прафсаюза. Ён пажадаў перадавікам добрага надвор’я, працоўнага настрою і новых працоўных перамог.

Першымі тысячнікамі ў гаспадарцы сталі экіпажы у складзе старшага камбайнера Уладзіміра Мельнікава і камбайнера Аляксея Макосава, экіпаж бацькі і сына Уладзіміраў Корсакаў, а таксама старшага камбайнера Дзмітрыя Шыяна і яго напарніка Дзмітрыя Бяспалава. Першая тысяча тон збожжа на адвозцы скарылася маладому кіроўцу Юрыю Манкевічу. Не засталіся ў баку і вопытныя – Хасія Лангуры, Уладзімір Котаў і Ігар Уласаў.

Паводле слоў кіраўніка гаспадаркі Аляксандра Корнева, мяжу ў тысячу тон у бліжэйшыя дні перасягнуць і астатнія работнікі агракамбіната, занятыя на жніве. Такіх вынікаў удалося дабіцца дзякуючы згуртаванасці калектыву і мінімальнай цякучасці кадраў. Да прыкладу, старэйшы Уладзімір Корсак прапрацаваў на сваім «Лексіёне» ужо дзевяць гадоў, цудоўна ведае ўсю машыну, таму і да ўборачнай заўсёды гатовы. Больш за тое, некалькі гадоў запар стабільна ўваходзіць у лік лепшых камбайнераў вобласці.

«Калі добры калектыў, тады і праца ладзіцца, – адзначае ён. – Галоўнае, каб кожны ведаў сваю справу і дружна працаваў у адной звязцы, тады і вынік не прымусіць сябе доўга чакаць. Шмат што залежыць і ад падрыхтоўкі камбайна, бо на ўборку важная кожная хвіліна – прастояў быць не павінна. А надвор’е – гэта ўжо другаснае».

Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара па раслінаводстве Яўгена Сялюгіна, да ўборкі збожжавых у гаспадарцы прыступілі з 2-га жніўня. У сярэднім хлебаробам трэба будзе прыбраць 3 тыс. 90 га збожжавых і зернебабовых культур: 300 га ячменю, 1,6 тыс. пшаніцы, 700 га азімага трыцікале і 490 га зернебабовых культур. У першую чаргу прыбіраюцца палі з мінімальнай ураджайнасцю, якая на сёння складае ў сярэднім 65-66 ц/га. У будучыні яна ўзрасце і, па прагнозах, будзе не горш за мінулагоднюю – 71 ц/га.

Усяго ў Магілёўскім раёне трэба будзе прыбраць 32 тыс. 511 га збожжавых і зернебабовых культур. На раніцу панядзелка ўдалося прыбраць 6 тыс. 255 га ці 19% ад агульнай плошчы, намалот склаў 22 тыс. 521 тон збожжа, ураджайнасць – 36 ц/га.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая