Рус Бел Eng 中文

Магілёўская вобласць валодае добрым эканамічным патэнцыялам для вядзення бізнесу – Віктар Некрашэвіч

Магілёўская вобласць валодае добрым эканамічным патэнцыялам для вядзення бізнесу. На гэта звярнуў увагу сёння ў час адкрыцця міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па пытаннях дрэваапрацоўкі і антрапагеннага ўздзеяння на лясныя рэсурсы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Віктар Некрашэвіч.

Паводле слоў намесніка старшыні, эканамічны патэнцыял рэгіёна пацвярджае той факт, што ў мінулым годзе яму прысвоена ганаровае званне «Найлепшая вобласць для вядзення бізнесу ў Беларусі».

«Прыемна, што такі знакавы форум праводзіцца ўпершыню і менавіта на багатай ляснымі рэсурсамі Магілёўскай зямлі, – падкрэсліў Віктар Некрашэвіч. – Вялікія запасы розных парод драўніны і яе даступнасць, разам з наяўнасцю высокакваліфікаваных спецыялістаў, перавагамі спецыяльнага прававога рэжыму і развітай інжынерна-транспартнай інфраструктурай участкаў СЭЗ «Магілёў» ствараюць максімальна спрыяльныя ўмовы для развіцця дрэваапрацоўчай галіны. Дзякуючы сумесным намаганням і зладжанай працы, нам удалося не проста адкрыць некалькі прадпрыемстваў, а стварыць вялікі нацыянальны кластар. Драйверы гэтай галіны – кампаніі ЗТАА «Кроноспан ОСБ», «Мебелаин» і «ВМГ Индустри» на сваім прыкладзе даказваюць правільнасць прынятых раней рашэнняў».

Віктар Некрашэвіч выказаў упэўненасць, што шырокая праграма канферэнцыі дазволіць яе ўдзельнікам знайсці новыя пункты сутыкнення. «Шырокія і адкрытыя дзелавыя зносіны паміж удзельнікамі і гасцямі мерапрыемства паслужаць паспяховаму развіццю інвестыцыйнага патэнцыялу галіны, умацуюць міжрэгіянальныя і міжнародныя сувязі, а таксама будуць спрыяць далейшаму развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», – сказаў ён.

Міжнародная канферэнцыя па пытаннях дрэваапрацоўкі і антрапагеннага ўздзеяння на лясныя рэсурсы стартавала 14 верасня ў Магілёве. У форуме, які будзе праходзіць два дні ў абласным цэнтры і Горках, прымаюць удзел больш за 100 бізнесменаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Эстоніі, Турцыі, Фінляндыі і Літвы. Сёння ўдзельнікі азнаёміліся з арганізацыяй вытворчага працэсу ў кампаніях-рэзідэнтах СЭЗ «Магілёў» – ЗТАА «Кроноспан ОСБ», «Мебелаин» і «ВМГ Индустри». Затым госці накіраваліся ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію (БДСГА). Тут адбудуцца тэматычныя семінары і абмеркаванні, двухбаковыя перагаворы з прадстаўнікамі беларускіх і замежных кампаній, сустрэчы з супрацоўнікамі кампетэнтных дзяржаўных арганізацый і экспарцёрамі лесаматэрыялаў, абмен назапашаным навуковым і практычным вопытам у сферы сучасных падыходаў да прыродаахоўнай дзейнасці і рацыянальным прыродакарыстанні.

Глядзець фотафакт

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая