Рус Бел Eng 中文

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб пашырэнні магчымасцей для бізнесу без рэгістрацыі ІП

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 верасня падпісаў указ нумар 337 "Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб". Дакументам пашыраецца пералік відаў эканамічнай дзейнасці, якімі грамадзяне маюць права займацца без рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў пры ўмове выплаты адзінага падатку, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

У гэты пералік увайшлі такія віды дзейнасці, як рэалізацыя самастойна прыгатаваных грамадзянамі кулінарных вырабаў, прадастаўленне месц для кароткатэрміновага пражывання фізічных асоб, выкананне па заказах спажыўцоў работ па рамонце мэблі, гадзіннікаў і абутку, пашыве адзення, настройцы музычных інструментаў, распілоўцы дроў, пагрузцы грузаў, муроўцы печаў і камінаў, а таксама выкананне аддзелачных работ і аказанне грамадзянам паслуг па распрацоўцы вэб-сайтаў, абслугоўванні камп'ютарнага і перыферыйнага абсталявання. У пералік таксама ўключаны паслугі па дызайне памяшканняў, інтэр'ера, мэблі, адзення і абутку, графічным дызайне, цырульніцкія і касметычныя паслугі.

Такім чынам, у пераліку легалізаваны віды эканамічнай дзейнасці, якія сёння фактычна ажыццяўляюцца фізічнымі асобамі ў дамашніх умовах (напрыклад, цырульніцкія паслугі) або могуць ажыццяўляцца ў такіх умовах без пагрозы прычынення шкоды як асобна ўзятым грамадзянам, так і грамадству ў цэлым.

Выданне ўказа створыць дадатковыя ўмовы для павышэння самазанятасці насельніцтва, уключэння яго ў эканамічную дзейнасць і, такім чынам, будзе садзейнічаць развіццю прадпрымальніцтва ў нашай краіне.

Асноўныя палажэнні дакумента ўступаюць у сілу праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая