Выстава мэтра рэпартажнай фатаграфіі Мікалая Жалудовіча адкрыецца 25 верасня ў Магілёве ў кінатэатры «Чырвоная зорка».
Выстава прысвечана 90-годдзю майстра, які з’яўляецца адным з пачынальнікаў беларускай рэпартажнай фатаграфіі. Ён, як ніхто іншы, умеў прымусіць яркае імгненне спыніцца і ўвайсці ў вечнасць. Невыпадкова яго працы занесены ў залаты фонд беларускай фатаграфіі. Толькі ў асабістай фотатэцы Мікалая Сяргеевіча захоўваецца больш за 10 тыс. негатываў, зробленых за больш чым 30-гадовую працу ў журналістыцы, з якой 25 гадоў ён прысвяціў працы ў БЕЛТА.
У экспазіцыі будуць прадстаўлены 40 найлепшых чорна-белых фота, зробленых за перыяд працы ў БЕЛТА, – своеасаблівы фоталетапіс жыцця Магілёўскай вобласці. Гэта фотарэпартажы пра жыццё працоўных калектываў, фота вядомых людзей, партрэты, пейзажныя замалёўкі, а таксама пастановачныя фота. Многія з іх у свой час абышлі перадавіцы абласных, рэспубліканскіх і цэнтральных газет СССР.
На думку Мікалая Жалудовіча, школа для журналіста патрэбна абавязкова – хоць бы веды элементарных правілаў. «А потым прасцей ўносіць свае нейкія элементы, з вопытам набываюцца ўменні. І ўсё ж у кожнага фотарэпарцёра павінны быць сваё меркаванне і сваё бачанне. Цяпер усё значна прасцей – новая эпоха, свет лічбавай фатаграфіі. Раней было нашмат складаней і з плёнкай, і з яе праявай, і з друкаваннем фота. Так, змянілася тэхналогія, але сутнасць засталася ранейшай. У любой прафесіі ты павінен быць майстрам сваёй справы. Толькі ў гэтым выпадку заслужыш аўтарытэт і павагу. Ну і, галоўнае, ніколі не спыняцца на дасягнутым, трэба пастаянна ўдасканальвацца, быць адважным і адважвацца, адкрываючы новыя гарызонты!», – упэўнены Мікалай Жалудовіч.
Свет фота яму прыадкрыўся ў дзіўна прыгожым і ў той жа час суровым краі – на Чукотцы, куды яго закінула служба ў арміі. Яго сябар у канцы 1950 года набыў старэнькі фотаапарат ФЭД і, не здолеўшы асвоіць, прадаў Мікалаю Сяргеевічу. Ён хутка разабраўся і стаў выконваць просьбы пра фотаздымкі на памяць. Фатаграфію не закінуў і калі прыйшоў на працу ў якасці інжынера па ўкараненні новай тэхнікі на завод «Строммашына». Неяк у пачатку 1958 года завод наведаў фатограф газеты «Звязда». Яго зацікавілі здымкі Мікалая Жалудовіча, і ён прапанаваў яму стаць пазаштатным фотакорам. Да канца 1958 года пераводам абкама партыі ён сышоў з завода штатным фотакарэспандэнтам газеты «Магілёўская праўда», а ўжо ў канцы 1962-га стаў працаваць фотакарэспандэнтам БЕЛТА па Магілёўскай вобласці.
Амаль 23 гады з моманту сыходу на пенсію Мікалай Жалудовіч пражыў у Крыме, дзе паспеў яшчэ за савецкім часам пабудаваць дом і адкрыць бізнес. “Але якім бы ні быў выдатным Крым, я ўсё часцей у апошні час стаў задумвацца аб вяртанні ў сваю родную Беларусь, – кажа Мікалай Сяргеевіч. – У 2014 годзе пераехаў дадому”. Цяпер жыве ў Магілёве ў кватэры дачкі Лены, асвойвае камп’ютар і інтэрнэт, пераводзіць свой фоталетапіс у «лічбу», піша аўтабіяграфію аб няпростым, але ў той жа час яркім і цікавым жыцці.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 14:27
Магілёўскі абласны драматычны тэатр 25 і 26 жніўня прадставіць прэм’еру спектакля «Гэта ўсё яна»
20.08.2020 - 10:25
Арт-праект «Мастацтва XXI стагоддзя без маскі» адкрыўся ў Магілёве
13.08.2020 - 11:43
Тэатр паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення СПБ адкрые чарговы сезон на свяце ў Бялынічах
12.08.2020 - 14:34
23.07.2020 - 11:21
23.07.2020 - 11:07