Рус Бел Eng 中文

Пленэр па жывапісе з удзелам расійскіх мастакоў праходзіць на Мсціслаўшчыне

На Мсціслаўшчыне праходзіць пленэр па жывапісе. На працягу тыдня тут будуць тварыць мясцовыя мастакі і дванаццаць майстроў пэндзля з розных рэгіёнаў Расіі. У апошнія выхадныя месяца Мсціслаў традыцыйна адзначыць Дзень горада, падчас якога мастакі падораць раёну па адной-дзве рабоце, напісаныя за гэты час. Уласна, менавіта да свята горада і прымеркаваны форум жывапісцаў.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама Наталля Біскуп нагадала пра спецыфіку раёна: ён прымежны, таму тут наладжана цеснае культурнае супрацоўніцтва з суседняй Смаленскай вобласцю. Расейцы не раз прывозілі ў Мсціслаў культурныя каштоўнасці, але сумесны пленэр па жывапісе праходзіць упершыню.

Дарэчы, ідэя правесці яго менавіта тут належыць таксама расейцу – галоўнаму рэдактару гісторыка-літаратурнага часопіса «СтранникЪ», які выдаецца ў Смаленску, – Канстанціну Забеліну. Вядома, мсціслаўцы ўспрынялі прапанову з радасцю.

На выхадных мастакі азнаёміліся са славутымі мясцінамі старажытнага краю, з яго шматлікімі архітэктурнымі помнікамі і знакавымі месцамі, пабывалі ў Пустынскім Свята-Успенскім мужчынскім манастыры. Гэтыя экскурсіі не забаўляльная праграма, а вельмі адказная частка работы. Кожны ўдзельнік форуму абраў для сябе частку горада ці ваколіц, каб адлюстраваць незабыўны пейзаж на сваім палатне.

У далейшым падораныя мастакамі карціны можна будзе паглядзець у мясцовым доме рамёстваў і краязнаўчым музеі. Іх плануецца дэманстраваць гасцям фестываляў, святаў, народных гулянняў.

Мсціслаўцы таксама падрыхтавалі падарункі ўдзельнікам пленэру – памятныя сувеніры, лісты падзякі за дапамогу ў захаванні культурнай і архітэктурнай спадчыны.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая