Калектыў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова пазнаёміўся з новым рэктарам ВНУ доктарам гістарычных навук, прафесарам Дзянісам Дукам. Кіраўніка адной з найстарэйшых ВНУ краіны прадставіў намеснік прэм’ер-міністра Васіль Жарко на пашыраным пасяджэнні Савета МДУ імя А. А.Куляшова.

«Сёння перад беларускай вышэйшай школай Прэзідэнтам пастаўлены важныя задачы, – адзначыў Васіль Жарко. – Перш за ўсё навукоўцы, педагогі павінны дапамагаць эканоміцы, усяму нашаму грамадству рухацца па шляху інавацыйнага развіцця. Сучасная ВНУ не павінна задавольвацца мінулымі поспехамі. Без удасканалення, сталай працы ў сферы адукацыі і навукі немагчыма якасная падрыхтоўка спецыялістаў. Нельга таксама забываць і аб патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення». Віцэ-прэм’ер выказаў упэўненасць у тым, што калектыву МДУ імя А. А. Куляшова па сілах справіцца з гэтымі задачамі. «Менавіта ад выкладчыкаў, супрацоўнікаў залежыць тое, наколькі універсітэт будзе паспяховым, – падкрэсліў ён. – Вопыт Дзяніса Дука, яго веды, навыкі кіраўніка дапамогуць калектыву МДУ імя А. А. Куляшова захаваць усё найлепшае і рухацца наперад, да новых дасягненняў».

Звяртаючыся да прафесара, доктара гістарычных навук Канстанціна Бандарэнкі, Васіль Жарко адзначыў, што за гады працы ў сценах ВНУ рэктарам ён не толькі змог захаваць тут усё найлепшае, але і ўзняць яе на новы ўзровень. Віцэ-прэм’ер падзякаваў Канстанціну Бандарэнку за працяглую і плённую працу.

“Час перадаць рэктарскія абавязкі прадстаўніку маладога пакалення беларускай гістарычнай навукі, вядомаму навукоўцу і археолагу Уладзіміру Дуку, – адзначыў у сваім выступе Канстанцін Бандарэнка. – Упэўнены: ён разам з калектывам зробіць усё магчымае для развіцця найлепшых традыцый адной з найстарэйшых ВНУ нашай краіны, ВНУ, у якой вучыўся Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Новаму рэктару таксама па сілах зрабіць універсітэт больш моцным у кадравым патэнцыяле і магчымасцях прадастаўлення якасных адукацыйных паслуг».

Уладзімір Дук падзякаваў за аказаны крэдыт даверу. «У старажытным Полацку некалі быў дэвіз: «Даўніны не бурыць, навіны не пладзіць». Я паспрабую зрабіць усё, што ад мяне залежыць, каб той каласальны вопыт, традыцыі ў адукацыі і навуцы, якімі валодае МДУ імя А. А. Куляшова, захаваліся. У той жа час без «навіны» не абысціся. ХХІ стагоддзе патрабуе ад нас пастаяннага развіцця і руху наперад».

Ад Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміру Дуку і Канстанціну Бандарэнку паднеслі кветкі і памятныя падарункі. Таксама экс-рэктару ВНУ ўручаны падзякі за шматгадовую плённую навукова-педагагічную дзейнасць, высокае прафесійнае майстэрства, вялікі асабісты ўклад у развіццё навукова-даследчай, сацыяльна-культурнай і грамадскай дзейнасці.






Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59