Рус Бел Eng 中文

Раённы Дом культуры адкрылі ў Клічаве пасля рэканструкцыі

Дом культуры адкрылі ў Клічаве пасля рэканструкцыі. Абноўлены будынак стаў адным з больш за 20 сацыяльных аб’ектаў раённага цэнтра, які абнавілі да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі».

Узводзіўся Дом культуры ў 50-х гадах. Тут не было водаправода, каналізацыі, а ацяпляўся будынак уласнай кацельняй. Бягучыя рамонты праводзіліся, але капітальны – упершыню.

Створаны камфортныя ўмовы для працы творчых людзей. Установа абсталявана сучасным светлавым і гукавым абсталяваннем. За кошт прыбудоў павялічылі колькасць гуртковых кабінетаў. У артыстаў з’явілася асобная прасторная грымёрная. Да непазнавальнасці змянілася канцэртная зала.

Паводле слоў дырэктара ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага раёна» Лізаветы Кавалёвай, згуртаваны калектыў установы сёлета папоўнілі пяць маладых спецыялістаў. У будынку цалкам захавалі фасад, толькі абнавілі яго. У пашыранай танцавальнай зале, дзе ўсталявалі сістэму вентыляцыі, на сваіх месцах засталася мастацкая мазаіка, якая імітуе карціны. Захавалі спецыялісты бабруйскага міжраённага домабудаўнічага камбіната і мазаічную падлогу ў фае Дома культуры.

У раённай кузні талентаў сёння працуе 22 клубныя фарміраванні, у тым ліку народны і акадэмічныя хоры, аркестр народных інструментаў, народнае аматарскае аб’яднанне «Праца. Творчасць. Ініцыятыва», вядомае не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. «Упэўнена, абноўлены Дом культуры стане адным з самых любімых месцаў жыхароў і гасцей Клічава, – адзначыла падчас урачыстага адкрыцця аб’екта начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка. – Гэта добры падарунак калектыву ўстановы напярэдадні Дня работнікаў культуры».

Дом культуры – не адзіны падарунак, які сёння атрымалі жыхары Клічава. Ва ўрачыстай абстаноўцы ў горадзе адкрылі новы дом па вул.Савецкай. З 32 кватэр 7 аддалі шматдзетным сем’ям, астатнія – пад арэнднае жыллё тым, хто мае патрэбу ў перасяленні з састарэлага жылля, сацыяльна неабароненым катэгорыям грамадзян.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая