Рус Бел Eng 中文

«Дажынкі-2017» у Клічаве: пляцоўка «Вясёлка сонечнага дзяцінства» здзівіць жывымі скульптурамі, лялечным тэатрам і чайным панадворкам

Пляцоўку «Вясёлка сонечнага дзяцінства» падрыхтаваў для гасцей абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2017» Клічаўскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміла намеснік дырэктара цэнтра Вольга Бальшакова.

«Забаўляльна-адукацыйныя астраўкі з’явяцца ў гарадскім парку, – заўважыла суразмоўца. – Мы пастараліся зрабіць дзіцячы вольны час рознабаковым, каб кожнае дзіця знайшло для сябе нешта цікавае і пазнавальнае».

Этнаграфічная пляцоўка «Бабулiна хатка» будзе абстаўлена ў стылі сельскай хаткі. Гасцей сустрэнуць гаспадары ў нацыянальных касцюмах і пакажуць сельскі інвентар, прадметы побыту, музычныя інструменты. Жадаючым павесяліцца «Гаспадыня» прапануе пагуляць у беларускія народныя гульні, сярод якіх “Паляванне на лісаў”, “Гусi ляцяць”, карагод «Юрачка» і інш. Не абыдзецца без тэматычнага майстар-класа па вырабу з лапікаў тканіны лялек-матанак. Гэта не адзіныя заняткі, дзе ўмельцы будуць дзяліцца сваімі сакрэтамі. Напрыклад, педагогі цэнтра навучаць тонкасцям фільцавання, пляцення з паперы, аплікацыі і цестапластыкі.

Экалагічная пляцоўка сустрэне наведвальнікаў жывымі скульптурамі. Лясун, Вадзянік, Маўка і Палявік запросяць прайсці тэматычны квэст і адказаць на нескладаныя пытанні вядучых.

Непадалёк размесціцца гульнявая зона. Тут клоўн і яго памочнікі будуць забаўляць дзяцей пацешнымі конкурсамі і заданнямі, а пераможцы сарвуць прызы з «дрэва сувеніраў». «Малыя заўсёды любяць анімацыю. Наш клоўн абавязкова знойдзе ключык да кожнага дзіцяці і захопіць яго гульнёй, таму не здзівімся, калі тут цэлы дзень будзе шумна і чутны дзіцячы смех», – падкрэсліла Вольга Бальшакова. Для самых маленькіх цэнтр падрыхтаваў выязны лялечны тэатр. Яго акцёры – дзеці і педагогі – пакажуць прадстаўленне на рускай мове «Курачка Раба». Спектакль не вельмі доўгі, таму яго змогуць асіліць нават малыя тэатралы. Плануецца, што пастаноўку будуць даваць кожную гадзіну.

Пачаставацца смачным чаем са свежай выпечкай запросіць «Чайны дворык». Ацаніць фантазію школьнікаў раёна можна будзе на экспазіцыі вырабаў з гародніны. Акрамя таго, цэнтр падрыхтаваў выставу-продаж сувеніраў. За невялікую суму госці «Дажынак» змогуць павезці з сабой на памяць сімвалічную рэч аб свяце.

Абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2017» пройдзе 7 кастрычніка ў Клічаве. Культурная праграма свята абяцае быць насычанай і цікавай. Толькі ў гарадскім парку, акрамя «Вясёлкі сонечнага дзяцінства», разгорнуцца яшчэ дзве вялікія тэматычныя пляцоўкі. Адна з іх будзе прысвечана эка-арт фестывалю «Астравы Дулебы», які з поспехам праходзіць у Клічаўскім раёне. Другая раскажа пра слаўную партызанскую гісторыю рэгіёна.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая