Рус Бел Eng 中文

Рыбгас “Свіслач” плануе ў гэтым годзе рэалізаваць каля 460 т сажалкавай рыбы

У ААТ “Рыбгас “Свіслач” Асіповіцкага раёна плануецца ў гэтым годзе вылавіць і рэалізаваць каля 460 т сажалкавай рыбы (карп, амур, таўсталобік, сом, лінь, карась, шчупак). Пра гэта паведаміў намеснік дырэктара ААТ па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях Уладзімір Герцаў.

Калі хлебаробы Магілёўскай вобласці рыхтуюцца да “Дажынак”, то ў рыбаводаў самага буйнога ў рэгіёне рыбгаса «ўборачная» толькі пачалася. Пуціна (інтэнсіўны адлоў рыбы) у гэтым годзе стартавала ў пачатку кастрычніка. “Пра вынікі рыбнага ўраджаю гаварыць пакуль рана, ды і не хочацца загадваць, але, мяркуючы па першых адлоўленых двух ставаў, даведзены кіраўніцтвам план нам удасца выканаць, – кажа галоўны рыбавод Міхаіл Якубоўскі. – Усяго плануецца вылавіць 576 т рыбы, з іх каля 460 т таварнай і парадку 114 т рыбапасадачнага матэрыялу (двухгодкі і гэтага году)».

«Наша рыбаводчая гаспадарка выйшла на максімальныя аб’ёмы вытворчасці – праектная магутнасць сажалак складае 405 т рыбы, – тлумачыць Уладзімір Герцаў. – Таму высокія тэмпы росту мы ўжо не можам забяспечваць, але шляхам мадэрнізацыі і аптымізацыі дамагліся дастаткова высокай эканамічнай эфектыўнасці: рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі за студзень-жнівень бягучага года перавысіла 19%».

Самае цікавае пачынаецца, калі ў чарговы раз зацягнуты невад і важкі ўлоў падцягваюць бліжэй да берага, дзе вядзецца загрузка рыбы спецыяльнымі падсакамі ў аб’ёмны кантэйнер, а затым – у машыну. «Рыбны ўраджай дастаўляецца ў сартавальную, дзе рыба размяркоўваецца па велічыні ў зімавальныя сажалкі, а частка таварнай – у спецыяльныя басейны. Тут штодня вядуць яе адлоў і адгрузку ў гандлёвую сетку, – расказвае намеснік дырэктара. – У спецыяльнай сажалцы гадуюць рыбу, якую можна адлоўліваць зімой і вясной, таму зараз машыны з жывой рыбай жыхары вобласці і іншых рэгіёнаў бачаць цэлы год».

Галоўны працаўнік і герой рыбалоўнага жніва, вядома, рыбавод. Гэта і швец, і жнец: у яго абавязкі ўваходзіць выкананне разнастайных работ па стварэнні ўмоў для развядзення рыбы, у тым ліку яе размнажэння, росту, адлову і нават лячэння. На прадпрыемстве сфарміраваліся цэлыя працоўныя дынастыі. Напрыклад, у Алега Чамякова маці працавала рыбаводам, а бацька быў дырэктарам рыбгаса. Але ён прыйшоў працаваць сюды не адразу – больш за 20 гадоў аддаў адной з мясцовых гаспадарак, а затым вырашыў выбудоўваць сваю далейшую кар’еру тут. Зараз – на пасадзе брыгадзіра, і ў яго брыгадзе працуюць тры пляменнікі, так што сямейнае дынастыя працягваецца.

Як прызнаўся Алег, ён больш паляўнічы, чым рыбак. Але і гэта захапленне ідзе на карысць роднаму прадпрыемству. Ён дапамагае знішчаць самых галоўных раскрадальнікаў – вядзе адстрэл бакланаў, здольных з’есці за сезон да 300 кг рыбы. Да таго ж, гэта справа прыбытковая – за кожную птушку ў рыбгасе выплочваюць па Вr6. У гэтым годзе на рахунку рыбавода пакуль 50, а бывала і больш за сотню бакланаў. А яшчэ ён займаецца вырошчваннем некалькіх гатункаў водарасцяў, якія ідуць на корм рыбе. «Наша брыгада яшчэ не прыступала да лоўлі рыбы на замацаваных нагульных сажалках, але, думаю, вынік у нас будзе не горшы, чым у астатніх, а спадзяёмся, што і лепшы. Бо ад гэтага залежыць наш заробак, што з’яўляецца аным з галоўных стымулаў, каб дамагацца высокіх паказчыкаў», – адзначыў ён.

Яшчэ адзін перспектыўны напрамак работы рыбгаса, які плануецца развіваць, – гэта платная рыбалка. Пад яе адведзена велізарная сажалка плошчай прыкладна ў 17 га. Маляўнічае месца і жыхары вадаёма прыцягваюць рыбакоў з усіх куткоў Беларусі. Бабруйчанін Аляксей ездзіць сюды амаль кожны тыдзень, але, як сцвярджае, не толькі за рыбай. «Мне больш важны сам працэс, – дзеліцца ўражаннямі рыбак. – Калі забываеш пра гарадскую мітусню і праблемы, любуешся прыгажосцю навакольнай прыроды, а яшчэ атрымліваеш масу задавальнення і адрэналіну, калі атрымліваецца вывудзіць нешта сур’ёзнае. Самы буйны ў мяне ў гэтым годзе быў карп – больш за 2,5 кг».

«У гэтым сезоне платную сажалку наведала больш за 1,1 тыс. рыбаловаў. Імі здабыта каля 6 т рыбы. А прадпрыемства ад гэтага атрымала даход звыш Вr20 тыс., – распавёў касір-кантралёр платнай сажалкі Васіль Жук. – Для рыбгаса гэта выгадна, паколькі пры мінімуме выдаткаў на абслугоўванне вадаёма атрымліваецца нядрэнны прыбытак. Ды і рыбакі задаволеныя, практычна ні адзін не з’язджае без улову. Самыя буйныя ў гэтым сезоне карп на 10 кг, шчупак на 8 кг і сом на 12 кг».

У апошнія гады ў рыбгасе няма цякучасці кадраў. «У нас сфарміраваўся дружны і адказны калектыў, кожны работнік стараецца якасна выконваць даручаную справу і дамагацца высокіх вынікаў. Галоўны стымул, вядома, зарплата. У нас рыбаводы і вадзіцелі ў сезон пуціны могуць атрымліваць да Вr1 тыс. Ды і сярэдняя зарплата – адна з самых высокіх у раёне – за студзень-жнівень склала Вr561, а да канца года павінна яшчэ больш падрасці. Але для гэтага нам трэба прадаць як мага больш вырашчанай рыбы, г.зн. зарплату трэба зарабіць», – перакананы Уладзімір Герцаў.

У асноўным рыба рэалізуецца ў Магілёўскай, Гомельскай абласцях і Мінску праз гандлёвую сетку, у тым ліку фірмовую (як правіла, гэта выязныя пункты з жывой рыбай), а таксама прадпрымальнікам. Ёсць сярод буйных партнёраў і сеткавікі. «Пачаўшы працаваць з намі, партнёры рэдка сыходзяць да іншых пастаўшчыкоў, бо лічыцца, што ў «Свіслачы» вырошчваюць самую смачную рыбу, – дзеліцца меркаваннем заглабараторыі Алена Ганчарова. – Гэта звязана з добрым месцазнаходжаннем сажалак: удалечыні ад буйных гарадоў і прамысловых прадпрыемстваў, а таксама дзякуючы пастаяннаму прытоку праз каналы свежай вады з Асіповіцкага вадасховішча. Да таго ж, вялікую ўвагу мы надаём прафілактыцы захворванняў і падтрымцы імунітэту рыб, таму яна ў нас прыгожая, чыстая і валодае выдатнымі смакавымі ўласцівасцямі».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая