Рус Бел Eng 中文

Пералік відаў рамеснай дзейнасці пашыраецца ў Беларусі

Пералік відаў рамеснай дзейнасці пашыраецца ў Беларусі. Гэта прадугледжана ўказам нумар 364 «Аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці», які Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 9 кастрычніка, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

«Максімальна пашыраецца пералік відаў рамеснай дзейнасці, якія грамадзяне маюць права ажыццяўляць па заяўным прынцыпе без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. У названы пералік уключаны ўсе віды творчасці, што ажыццяўляюцца на аснове ручной працы», - расказалі ў прэс-службе.

Удакладняюцца месцы і спосабы рэалізацыі рамеснай прадукцыі. Акрамя продажу сваіх вырабаў на рынках, кірмашах і ў іншых месцах, што вызначаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, рамеснікі змогуць прадаваць вырабы непасрэдна ў майстэрнях, дастаўляць і перасылаць прадукцыю пакупнікам па пазначаным адрасе.

Рамеснікі таксама змогуць рэкламаваць сваю прадукцыю, у тым ліку ў інтэрнэце.

«Прыняцце ўсіх гэтых мер пасадзейнічае развіццю народных промыслаў, захаванню і прымнажэнню традыцый ручной працы, а таксама ўключэнню працаздольнага насельніцтва ў эканамічную дзейнасць шляхам стварэння дадатковых умоў для самазанятасці грамадзян», - адзначылі ў прэс-службе.

Указ уваходзіць у пакет дакументаў, накіраваных на развіццё прадпрымальніцтва і стымуляванне дзелавой актыўнасці.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая