Рус Бел Eng 中文

Рэканструкцыю эпізода бітвы пры Лясной правядуць у Слаўгарадскім раёне

Фестываль «Лясная – месца вайсковай славы» пройдзе 11 кастрычніка ў аграгарадку Лясная Слаўгарадскага раёна. Пра гэта паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Шаўцова.

Адкрые фестываль богаслужэнне ў Святапетрапаўлаўскім Храме-помніку. «Указам Пятра I у Лясной штогод праводзілася памінальная служба па загінулых тут рускіх воінах. Цяпер гэтую традыцыю працягвае айцец Георгій, які на працягу многіх гадоў у дзень бітвы служыць літургію», – заўважыла Алена Шаўцова.

Пасля заканчэння набажэнства адбудзецца хрэсны ход з ускладаннем кветак і вянкоў да памятнага знака, устаноўленага ў гонар перамогі рускіх войскаў у бітве пры Лясной у 1708 годзе падчас Паўночнай вайны. Яшчэ адным месцам, дзе ўдзельнікі мерапрыемства аддадуць даніну памяці, стане брацкая магіла рускіх воінаў на грамадзянскім могілках.

Працягнецца фестываль дэманстрацыяй анімацыйнай праграмы «Па слядах Паўночнай вайны». «Праціўнікі ўступяць у рукапашны бой, зыход якога ўжо гістарычна наканаваны: рускія войскі пад камандаваннем Пятра І атрымаюць перамогу над шведскім корпусам генерала Левенгаўпта і адсвяткуюць вікторыю пад гукі музыкі», – адзначыла суразмоўца.

Потым гасцей свята запросяць наведаць тэматычную экспазіцыю Ляснянскай бібліятэкі-музея «Прывіццё павагі да гістарычнай спадчыны, захаванне пераемнасці пакаленняў і традыцый». «Выстава, прысвечаная знакамітай бітве пад Лясной, была створана ў 2008 годзе, – адзначыла Алена Шаўцова. – Рэчавыя сведчанні той эпохі, нагляднасць, дакладнасць аднаўлення гістарычнага асяроддзя не толькі забяспечваюць інфармацыйнасць, але і аказваюць эмацыянальнае ўздзеянне, фарміруюць сацыяльную памяць, выхоўваюць маладое пакаленне ў духу патрыятызму».

У Ляснянскім сельскім доме культуры госці і ўдзельнікі фестывалю змогуць азнаёміцца з выставай-продажам вырабаў народнай творчасці. Завершыцца мерапрыемства святочным канцэртам, дзе сваю творчасць прадставяць выканаўцы і ансамблі Слаўгарадскага раёна.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая