Рус Бел Eng 中文

Ці задавальняе вас гандаль у вёсках, і што неабходна палепшыць?

Тэма гандлю ў малых населеных пунктах даволі далікатная - дзесьці не хапае тавараў, дзесьці скардзяцца на цэны, а дзесьці стацыянарных крам няма наогул. Мы звярнуліся да людзей, якія займаюцца гэтым кірункам, каб высветліць, як выглядае сітуацыя на самай справе і над чым сапраўды трэба папрацаваць.

Намеснік старшыні Касцюковіцкага раённага выканаўчага камітэта па пытаннях эканомікі Любоў Кісялёва:

- У нас гандаль з другой паловы года пачаў працаваць нашмат лепш, аб'екты перагледзелі свае падыходы. Чаму? Таму што яны рыхтуюцца да таго, што да нас у раён прыйдзе буйная гандлёвая сетка. Ці выцесніць яна прыватнікаў? Вядома, нейкае пераразмеркаванне патокаў адбудзецца. Але частка насельніцтва, якая выязджала па пакупкі як у іншыя раёны краіны, так і ў Расію, з-за пашырэння асартыменту, напэўна, стане рабіць іх тут. Я думаю, што дзякуючы гэтаму павялічыцца таксама і таваразварот. Быў час, калі мясцовыя жыхары вярталіся дадому з камандзіровак толькі праз крамы, размешчаныя ў іншых раёнах. І цяпер сапраўды падцягнулася харчовая група. Канкурэнцыя - гэта вельмі добра, як мне здаецца. І добра гэта ў першую чаргу для пакупнікоў. Таму што кожная крама пачынае неяк прыцягваць кліента, рабіць зніжкі, арганізоўваць кірмашы.

Старшыня Сідаровіцкага сельскага выканаўчага камітэта Магілёўскага раёна Алена Пшанічная:

- У населеных пунктах сельсавета гандаль нас цалкам задавальняе. Як найлепшую форму магу адзначыць аўтакрамы. Мне падабаецца разнастайны асартымент, хоць звычайна да іх ставяцца з недаверам - думаюць, напрыклад, што тавар пратэрмінаваны, - аднак гэта не так. Аўтакрама - тое месца, дзе тавар можа мяняцца нават часцей, чым у стацыянарных. Палепшыць хочацца будаўнічы напрамак - гэта продаж цэменту, шыферу і падобных рэчаў. Але і тут нашы прадаўцы знаходзяць выхад са становішча: напрыклад, у аўторак прымаюць заказ на тавар, якога ў гэты момант няма ў наяўнасці, а ўжо ў пятніцу дастаўляюць дадому. Такім чынам і крама не завальваецца, і кліент задаволены. Вось мэбля, напрыклад: ёсць каталогі, людзі выбіраюць і заказваюць. У мінулым годзе ўсе заказвалі газавыя пліты, паколькі аказалася, што яны павінны быць не старэйшыя за дзесяць гадоў. Акрамя гэтага, на нашай тэрыторыі ёсць дзве крамы мясцовага агракамбіната - там прадаюцца сала, мяса, каўбасы. Звычайна ёсць па 4-5 найменняў розных каўбас, мне здаецца, што гэтага хапае.

Па матэрыяле газеты «Звязда»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая