Рус Бел Eng 中文

Прэм’ерныя паказы дакументальнага фільма «Віктар Тураў. Дыханне жыцця» адбудуцца ў Магілёве

Дні кіно «Тураўская восень», прысвечаныя памяці вядомага беларускага кінарэжысёра Віктара Турава, пройдуць 23-25 кастрычніка ў Магілёве. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў Магілёўскім дзяржаўным прадпрыемстве «Кінавідэапракат».

Мерапрыемства традыцыйна праводзяць у родным горадзе майстра ў апошні тыдзень кастрычніка. 25 кастрычніка 2017 года яму споўніўся б 81 год.

У час Дзён кіно ў гарадскіх кінатэатрах адбудуцца прэм’ерныя паказы фільма «Віктар Тураў. Дыханне жыцця». «Рэжысёрам стужкі стаў Яўген Сяцько, аператарам Аляксандр Уласаў, а сцэнарый напісаў вучань майстра Аляксандр Анісімаў. Адна з рэжысёрскіх работ апошняга – карціна «Сляды на вадзе» да 100-годдзя беларускай міліцыі, – заўважылі суразмоўцы. – «Віктар Тураў. Дыханне жыцця» – 26-хвілінная дакументальная стужка «Беларусьфільма». У аснове сюжэту ляжыць гісторыя пра жыццё і творчасць выдатнага беларускага кінарэжысёра, народнага артыста Беларусі і СССР, фільмы якога ўвайшлі ў залаты фонд беларускага і сусветнага кінамастацтва».

Таксама ў фармаце мерапрыемства ў кінатэатрах горада пройдуць рэтраспектыўныя паказы шасці фільмаў Віктара Турава: «Праз могілкі», «Я родам з дзяцінства», «Людзі на балоце», «Высокая кроў», «Чорны бусел», «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».

Завершыцца «Тураўская восень» 25 кастрычніка. У гэты дзень перад будынкам кінатэатра «Радзіма» пройдзе мітынг з ускладаннем кветак да памятнай дошкі Віктару Тураву. Затым у вялікай зале запланаваны паказ стужак «Віктар Тураў. Дыханне жыцця» і «Праз могілкі».

Віктар Тураў нарадзіўся ў Магілёве 25 кастрычніка 1936 года. Свой шлях у мастацтва ён пачынаў на кінастудыі «Беларусьфільм», куды прыйшоў у 1959 годзе. Міжнароднае прызнанне Віктар Тураў атрымаў у 1965-м пасля стварэння свайго першага поўнаметражнага фільма «Праз могілкі» паводле аповесці Паўла Ніліна. За 37 гадоў творчага жыцця рэжысёр і сцэнарыст Віктар Тураў стварыў 26 фільмаў, многія з якіх адзначаны ўзнагародамі самых прэстыжных кінафэстаў. Так, мастацкі фільм «Праз могілкі» рашэннем ЮНЕСКА ў 1994 годзе занесены ў спіс 100 лепшых фільмаў свету. У 1995 годзе Віктар Тураў увайшоў у лік 50 самых вядомых кінематаграфістаў свету, што сведчыць пра высокую ацэнку творчасці і прафесіяналізму беларускага кінарэжысёра.

У абласным цэнтры на фасадзе кінатэатра «Радзіма» 29 кастрычніка 2003 года была адкрыта памятная дошка Віктару Тураву. У Магілёве ёсць вуліца, названая ў яго гонар. Дні кіно, прысвечаныя беларускаму кінарэжысёру і сцэнарысту, народнаму артысту Беларусі (1979) і СССР (1986), лаўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР (1984), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1996, пасмяротна) праходзяць у горадзе на Дняпры з 2001 года.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая