Рус Бел Eng 中文

У Магілёве з’явіцца індыйскі панадворак і пройдзе міжнародны дзень ёгі

У Магілёве у 2018 годзе з’явіцца індыйскі панадворак і падчас святкавання Дня горада пройдзе Міжнародны дзень ёгі. Такая дамоўленасць дасягнута сёння на сустрэчы старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага і пасла Індыі ў Беларусі Панкаджа Саксены.

Бакі адзначылі, што рэалізацыя сумесных праектаў у гуманітарнай і культурнай сферы, з’яўленне ў абласным цэнтры індыйскага панадворка – тураб’екта, дзе прадставяць культуру і кухню паўднёваазіяцкай краіны, – будзе садзейнічаць умацаванню адносін паміж Індыяй і Магілёўскай вобласцю, а таксама развіццю турызму. Падчас сустрэчы абмеркавана магчымасць арганізацыі ў бліжэйшы час пленэра па жывапісе і Дзён кіно Індыі ў абласным цэнтры.

Паводле слоў Уладзіміра Даманеўскага, адносіны Магілёўскага рэгіёна і Індыі развіваюцца даволі дынамічна. За апошнія тры гады назіраецца паступальны рост тавараабароту. Калі за ўвесь 2016 год ён вырас на 22%, то толькі за студзень-жнівень бягучага года прырост тавараабароту ў параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года склаў ужо 23%. «Гэта сведчыць пра цікавасць абодвух бакоў да развіцця супрацоўніцтва, тым больш што патэнцыял для гэтага далёка не вычарпаны», – падкрэсліў губернатар.

На яго думку, для Магілёўскай вобласці і Індыі наступіў час для паглыблення эканамічных узаемаадносін, ёсць перадумовы і зацікаўленасць бізнес-колаў, выкарыстоўваючы наяўныя тэхналогіі і вопыт у сферы розных галін вытворчасці, ствараць сумесныя прадпрыемствы з далейшай рэалізацыяй прадукцыі ў краіны ЕС і іншыя дзяржавы. Да прыкладу, Магілёўская вобласць зацікаўлена ў стварэнні на сваёй тэрыторыі вытворчасці медыкаментаў з удзелам індыйскага капіталу і тэхналогій, а таксама ў прасоўванні на індыйскі рынак перавязачных матэрыялаў магілёўскага прадпрыемства ААТ «Стужка», бабруйскіх шын, магілёўскага тэкстылю і прадуктаў харчавання. Кіраўнік рэгіёна прапанаваў у мэтах далейшага развіцця і ўмацавання супрацоўніцтва прапрацаваць пытанне аб усталяванні ўзаемаадносін Магілёўскай вобласці з адным з індыйскіх рэгіёнаў, а таксама выбраць пабрацімаў у Індыі Магілёву і Бабруйску. «Практыка паказвае, што міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне мае пэўныя перавагі і можа быць высокаэфектыўным інструментам для рэалізацыі сумесных ініцыятыў і праектаў ва ўсіх сферах», – перакананы Уладзімір Даманеўскі.

Паводле слоў пасла, у Беларусі і Індыі няма сур’ёзных перашкод для развіцця двухбаковых адносін. Новы імпульс для ўмацавання і паглыблення эканамічнага супрацоўніцтва надаў і візіт у верасні ў Нью-Дэлі кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. «Мы бачым добрыя перспектывы для развіцця ў Беларусі інвестыцыйнага супрацоўніцтва, у тым ліку па стварэнні сумесных вытворчасцей, а таксама пашырэнні нашых кантактаў у сферах адукацыі, медыцыны, культуры і для развіцця турызму. Мне таксама вельмі прыемна, што беларусы ўсё больш цікавяцца культурай Індыі – толькі за мінулы год пасольствам выдадзена звыш 7 тыс. віз грамадзянам Беларусі», – адзначыў дыпламат.

Ён падтрымаў ініцыятыву кіраўніцтва аблвыканкама аб развіцці міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і запэўніў, што прыкладзе ўсе намаганні, каб дапамагчы ўсталяваць кантакты Магілёўскай вобласці з адным з рэгіёнаў Індыі. Панкадж Саксена таксама сказаў, што будзе спрыяць арганізацыі прадстаўнічай дэлегацыі індыйскіх бізнес-колаў для ўдзелу ў міжнародным інвестфоруме, які запланавана правесці ў чэрвені 2018 года ў Магілёве.

Падчас двухдзённага візіту амбасадар азнаёміўся з эканамічным патэнцыялам рэгіёна, сустрэўся з прадстаўнікамі бізнес-колаў вобласці, а таксама наведаў магілёўскую кампанію «Тэхналіт» і СЭЗ «Магілёў».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая