Рус Бел Eng 中文

«Залаты шлягер». Прэс-канферэнцыя. Мы спрачаемся абсалютна пра ўсё - аўстрыйскі гурт Joy

Папулярны аўстрыйскі гурт Joy у Беларусь прыязджае ўжо другі раз. Праўда, на музычны рэтра-фестываль «Залаты шлягер» упершыню.

«А чаму б і не? – гаворыць удзельнік калектыву Манфрэд Тэмель. – Нам вельмі спадабалася ваша краіна падчас мінулага візіту. Да таго ж, канцэрт, у якім мы ўдзельнічаем, праходзіць у будні дзень – нам гэта вельмі зручна».

Расказалі музыканты і пра ўзаемаадносіны ўнутры каманды. Яны знаёмыя ледзь не са школьнай парты, таму ведаюць адзін пра аднаго нават больш, чым некаторыя шлюбныя пары. «Мы можам спрачацца абсалютна пра ўсё, – прызнаецца Андрэас Швайтцэр. – Пра палітыку, надвор’е, музыку, жанчын, у рэшце рэшт ... Але гэта нармальна. Калісьці была нават ідэя зняць серыял пра гэта».

Падзяліліся выканаўцы хіта Touch by touch і сваім стаўленнем да музыкі. На іх думку, пасля 80-х у ёй знікла душа. Шмат у чым таму, што цяпер ствараюцца трэкі на камп’ютарах. А з другога боку, заўважылі яны, іх дзядулі не разумелі, як можна слухаць таго ж Джымі Хендрыкса. «У кожнага пакалення свае музычныя героі», – рэзюмавалі музыканты з Joy.

Тэкст - mogilevnews.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая