На эстрадзе не так многа выканаўцаў, песні якіх адгадваюцца з першых нот. Да такіх чарадзеяў сцэны можна з упэўненасцю аднесці зорку дыска 70-80-х Афрыка Сімона, які любімы не адным пакаленнем меламанаў з розных краін, нягледзячы на тое, што спявак родам з невялікага афрыканскага горада ў Мазамбіку. Любоў слухачоў да яго творчасці тлумачыцца проста: тут сплятаюцца ў адзінае цэлае прастата, прыгажосць і стыль.

На «Залаты шлягер» музыкант прыехаў упершыню, як, зрэшты, і ў нашу краіну, як паведаміў падчас прэс-канферэнцыі Афрык Сімон. Ён выказаў захапленне ад таго, што з’явілася магчымасць прыняць удзел у выдатным фестывалі і сустрэцца з беларускай публікай.

Да дыялогу з мясцовай прэсай артыст падрыхтаваўся грунтоўна. Выглядаў, як сапраўдны джэнтльмен: пінжак і сіні гальштук гарманічна дапаўняў капялюш. Паводле слоў Афрыка Сімона, у эстрадным жыцці ўжо даўно выпрацавалася звычка апранацца стыльна і элегантна, і фанаты ведаюць і любяць такі вобраз музыканта. Аднак дома зорка ператвараецца, як і павінна быць, у звычайнага чалавека, які не здымае шорты і футболкі.

Гаворачы аб самай вядомай кампазіцыі, якую артыст з задавальненнем выканаў не толькі журналістам, але і падарыў магілёўскай публіцы падчас урачыстага адкрыцця «Залатога шлягера», Афрык Сімон заўважыў, што Hafanana выказвае пазітыўнае стаўленне да жыцця. Песня прыносіць мноства добрых эмоцый, таму музыкант напявае яе ўсюды – не толькі на канцэртах, але і дома.

«Hafanana – гэта прыкладна тое ж, што і на англійскай take it easy – расслабся. Калі ў кагосьці праблема, яму ў Мазамбіку кажуць «хафанана», а ў Кеніі, напрыклад, «акуна матата». У гэтага слова шмат адценняў і значэнняў... – падкрэсліў музыкант. – І тэкст песні можна перавесці так: «Гэй, што ты думаеш? Ты думаеш, ты лепшы, чым я? Я так не думаю. Ты прэзідэнт, я не – хафанана, у цябе ёсць грошы, у мяне няма – хафанана. Але аднойчы белы чалавек памрэ і я памру, і мы будзем цалкам роўныя – хафанана! Не будзе важна, чорны ты ці белы, ніякіх войнаў, ніякіх канфліктаў – хафанана».

Спявак заўважыў, што ва ўсіх бывае дрэнны настрой. Але галоўнае, каб раніцай, адкрываючы акно свайго пакоя, убачыўшы сонца, усё роўна дзе, у Беларусі, Германіі і Расіі, чалавек сам сабе сказаў «хафанана» і паверыў у тое, што ўсё будзе добра.

Афрык Сімон – мультыінстументаліст. Іграе на барабане, гітары, бас-гітары, афрыканскім духавым інструменце, які нагадвае флейту. Любіць наводзіць парадак у сябе дома, рыхтаваць стравы нацыянальнай кухні і слухаць расійскія радыёстанцыі.

Артыст даўно жыве ў Германіі. Менавіта ў гэтай краіне актыўна развівалася яго музычная кар’ера. А вось Мазамбік даўно не наведваў, затое быў у іншай частцы Афрыкі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 14:27
Магілёўскі абласны драматычны тэатр 25 і 26 жніўня прадставіць прэм’еру спектакля «Гэта ўсё яна»
20.08.2020 - 10:25
Арт-праект «Мастацтва XXI стагоддзя без маскі» адкрыўся ў Магілёве
13.08.2020 - 11:43
Тэатр паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення СПБ адкрые чарговы сезон на свяце ў Бялынічах
12.08.2020 - 14:34
23.07.2020 - 11:21
23.07.2020 - 11:07