Рус Бел Eng 中文

У Беларусі ўстаноўлены новыя памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў

У Беларусі ўстаноўлены памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў (МСБ) для розных сацыяльна-дэмаграфічных груп у сярэднім на душу насельніцтва і на аднаго члена сям'і рознага складу ў сярэдніх цэнах верасня 2017 года. Такое рашэнне змешчана ў пастанове Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 23 кастрычніка 2017 года нумар 61, паведамілі ў профільным ведамстве.

Так, мінімальны спажывецкі бюджэт на аднаго члена сям'і з чатырох чалавек з 1 лістапада 2017 года па 31 студзеня 2018-га ў разліку на месяц складзе Br325,13 - гэты сацыяльны нарматыў павялічыўся на 1 працэнт у параўнанні з дзеючым з 1 жніўня па 31 кастрычніка бягучага года.

Пастановай Мінпрацы і сацабароны на перыяд з 1 лістапада бягучага года па 31 студзеня будучага года ўстаноўлены сярэднедушавыя мінімальныя спажывецкія бюджэты маладой сям'і з трох чалавек у памеры Br351,09; працаздольнага насельніцтва - Br413,33; пенсіянераў - Br324,63; студэнтаў - Br311,54; дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br264,01; дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў - Br340; дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў - Br355,94.

Паводле слоў спецыялістаў, разлік праведзены на аснове спажывецкіх карзін, склад якіх зацверджаны пастановай Міністэрства працы і сацабароны, і інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта аб сярэдніх па рэспубліцы цэнах на спажывецкія тавары і тарыфах на паслугі за верасень бягучага года.

Павелічэнне мінімальных спажывецкіх бюджэтаў абумоўлена павышэннем цэн на нехарчовыя тавары, а таксама тарыфаў на паслугі, якія ўваходзяць у спажывецкую карзіну. Выраслі цэны на хлеб і хлебапрадукты, малако і малочныя прадукты, мяса і мясапрадукты, рыбу. Зніжэнне цэн на плодаагароднінную прадукцыю, абумоўленае перыядам яе масавай нарыхтоўкі, запаволіла рост мінімальнага спажывецкага бюджэту, растлумачылі ў міністэрстве.

Адбылося зніжэнне мінімальнага спажывецкага бюджэту для дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў у цэнах верасня да яго значэння ў цэнах чэрвеня (99,6 працэнта). Гэта абумоўлена змяншэннем кошту расходаў на ўтрыманне дзяцей у дзіцячых дашкольных установах, растлумачылі ў Міністэрстве працы і сацабароны.

Мінімальныя спажывецкія бюджэты служаць для аналізу дасягнутага ўзроўню жыцця насельніцтва і прагназавання яго змяненняў, для ацэнкі матэрыяльнага становішча розных груп насельніцтва, тыпаў сем'яў, ацэнкі пакупной здольнасці даходаў насельніцтва, абгрунтавання памераў мінімальных сацыяльна-працоўных гарантый.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая