Рус Бел Eng 中文

Прэзентацыі рэгіёнаў Беларусі ў Расіі садзейнічаюць росту тавараабароту паміж краінамі - дыпламат

Комплексныя прэзентацыі рэгіёнаў Беларусі ў Расіі садзейнічаюць росту тавараабароту паміж краінамі. Аб гэтым заявіў сёння на прэзентацыі Магілёўскай вобласці ў дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Маскве часовы павераны ў справах Беларусі ў Расіі Юрый Ярашэвіч.

Ідэя правядзення комплексных прэзентацый рэгіёнаў Беларусі належыць пасольству. Яна была добра падтрымана рэгіёнамі і кіраўніком урада. З поспехам і дасягненнем канкрэтных дамоўленасцей прайшлі прэзентацыі ўжо Гродзенскай, Гомельскай, Брэсцкай, Мінскай абласцей і горада Мінска. Гэтыя мерапрыемствы садзейнічалі далейшаму росту тавараабароту паміж Беларуссю і Расіяй, павелічэнню аб'ёмаў паставак беларускіх тавараў. Па выніках студзеня - жніўня бягучага года тавараабарот Беларусі і Расіі склаў больш як $20 млрд, што на 20 працэнтаў вышэй, чым за аналагічны перыяд 2016 года. Прычым і беларускі экспарт, і расійскі імпарт у двухбаковым гандлі прырастаюць аднолькавымі тэмпамі 22-23 працэнты. 

Сёння з выкарыстаннем унікальных магчымасцей дзелавога і культурнага комплексу пасольства праводзіцца шостае мерапрыемства такога фармату, прысвечанае Магілёўскай вобласці. У ходзе дыскусій і прэзентацый будзе раскрыты патэнцыял і магчымасці рэгіёна ва ўсіх сферах супрацоўніцтва. Гасцей таксама чакае музычная праграма з выступленнем лепшых творчых калектываў і выканаўцаў Магілёўскай вобласці, дэгустацыя страў беларускай кухні.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая