Памятны знак у выглядзе алоўка прэзентавалі на ўрачыстым адкрыцці юбілейнай «Анімаёўкі» ў Магілёве. Мерапрыемства прайшло з удзелам вядомых майстроў анімацыйнага мастацтва і юных гледачоў у кінатэатры «Радзіма».

Ідэя стварэння памятнага знака належыць дырэктару Магілёўскага абласнога вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Кінавідэапракат» Ірыне Дарафеевай, а ўвасобіў яе ў жыццё мясцовы скульптар Андрэй Вераб’ёў.
Фестывальны падарунак вышынёй у 1,5 м. вырабілі з палімерных матэрыялаў. На яго шасці гранях размясціліся лічба 20 і назва форуму, а таксама малюнкі персанажаў з сучасных мультфільмаў і вядомых ва ўсім свеце анімацыйных работ савецкага перыяду. У іх ліку Воўк і Заяц з «Ну, пачакай!», Віні-пух, Пятачок і вослік Іа, кракадзіл Гена і Чабурашка, Карлсан, Вожык у тумане, Антошка, Мікі Маус, трусік Крош са «Смяшарыкаў», беларускі Несцерка.
Знак не стацыянарны, так што арганізатары па меры неабходнасці змогуць яго перамяшчаць. Члены журы форуму гавораць, гэта выдатны і сімвалічны падарунак фестывалю анімацыйнага кіно да юбілейнага сезону. І хоць узнагарода пераможцу фэсту ў кожнай намінацыі – хрустальны аловак, скульптура – доказ таго, што ў «Анімаёўкі» трывалы падмурак і доўгая будучыня.

У цэлым адкрыццё фестывалю прайшло весела і прыгожа. На ўваходзе ў фае кінатэатра, упрыгожанае сцягамі краін-удзельніц форуму, гасцей і юных гледачоў сустракалі Пчолка і Кот Леапольд. Тут можна было пазнаёміцца з найлепшымі работамі конкурсаў дзіцячай анімацыйнай творчасці, дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці гэтага года, а таксама атрымаць асалоду ад гукаў электроннай скрыпкі.

У зале тых, хто прыйшоў, чакала канцэртная праграма, дэманстрацыя мультфільмаў і знаёмства з майстрамі анімацыйнага мастацтва з розных краін. Прыгожым завяршальным акордам мерапрыемства стаў яркі юбілейны торт са свечкамі, які арганізатары падарылі ўсім удзельнікам мерапрыемства.

Сімвалічна, што фестываль адзначае свой юбілей у год святкавання 750-годдзя з дня заснавання Магілёва, адзначыў, адкрываючы форум, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама, старшыня арганізацыйнага камітэта «Анімаёўкі» Андрэй Кунцэвіч. Штогод фестываль дае магчымасць маладым талентам прадэманстраваць свае творчыя здольнасці, з кожным годам усё большая колькасць дзяржаў прымае ўдзел у свяце. Калі на першы фестываль, які прайшоў у 1998 годзе, было прадстаўлена 12 работ і толькі беларускіх аніматараў, то на юбілейным форуме – 240 фільмаў з 46 краін.

Андрэй Кунцэвіч падкрэсліў, што кожны год «Анімаёўка» збірае гледачоў, якія з’яўляюцца сапраўднымі аматарамі мультфільмаў. Дзякуючы фестывалю яны маюць магчымасць пазнаёміцца з майстрамі анімацыі на майстар-класах, пашырыць кругагляд, набыць новыя веды на творчых сустрэчах з вядомымі і прызнанымі мэтрамі, заслужанымі дзеячамі мастацтва.
На адкрыцці фестывалю прысутнічала нямала гасцей, у тым ліку рэжысёр-аніматар кінастудыі «Беларусьфільм» Ігар Волчак і аніматар, мастак, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Тумеля, якія калісьці сталі ідэйнымі натхняльнікамі «Анімаёўкі». Дарэчы, першы фестываль быў праведзены ў Мінску ў маі 1998 года. Але ў верасні таго ж года па ініцыятыве кіраўніка аддзела спецыяльных праектаў Дзяржфільмафонда Расіі Андрэя Бычкова, які з 1997 па 2008 год быў генеральным дырэктарам «Магілёўаблкінавідэапракат», форум атрымаў прапіску ў Магілёве.

Праграма анімацыйнага свята ўключае конкурсны складнік. Экспертная камісія ўжо адабрала 111 прац, у тым ліку 50 прадстаўленых дзіцячымі студыямі Беларусі, Бельгіі, Бразіліі, Казахстана, Расіі, Украіны. У большасці сваёй гэта мультфільмы, створаныя за апошнія два гады. Яны будуць прагледжаны прафесійным журы, якое абярэ не толькі ўладальніка Гран-пры (пераможцы ў намінацыі «Найлепшы анімацыйны фільм фестывалю»), але і самых годных яшчэ ў 18 намінацыях: 10 дарослых і 8 дзіцячых. Стваральнікі найлепшых мультфільмаў атрымаюць дыпломы і хрустальныя алоўкі, а ўсе без выключэння ўдзельнікі творчага спаборніцтва павязуць з сабой памятныя сертыфікаты.

Міжнароднае журы фестывалю па добрай традыцыі ўзначаліў заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, мастак-аніматар, сцэнарыст, які ўдзельнічаў у стварэнні мультыплікацыйнага альманаха «Вясёлая карусель», рэжысёр мультфільмаў «Антошка», «Рыжы, рыжы, канапаты», «Дзве вясёлыя гусі» Леанід Носыраў.
«Мультыплікацыя – самы радасны выгляд мастацтва, – упэўнены майстар. – У Магілёве жывуць таленавітыя і цудоўныя людзі, менавіта таму тут, у, здавалася б, невялікім горадзе, праходзіць «Анімаёўка», якая аб’ядноўвае мноства краін свету». Леанід Носыраў падкрэсліў, што праца журы ўжо пачалася. Прафесіяналы паглядзяць усе працы. Абмеркаванне і падыход да вызначэння пераможцаў будзе строгім. «Усе фільмы годныя. І вельмі шкада, што за бортам, магчыма, застануцца добрыя канкурсанты, якіх хацелася б таксама узнагародзіць».

XX Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка» праходзіць у Магілёве 26-29 кастрычніка. Упершыню на форум заяўлены мультфільмы з Усходняга Тымора, М’янмы, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Таіланда, Уругвая, Філіпін, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Фэст праводзіцца з мэтай дэманстрацыі і папулярызацыі найлепшых дасягненняў у галіне анімацыйнага кіно, спрыяе развіццю і ўмацаванню культурных сувязяў паміж Беларуссю і краінамі – удзельніцамі форуму, а таксама выяўленню і падтрымцы творчага патэнцыялу таленавітых дзяцей і моладзі.
Арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Магілёўскае абласное вытворчае ўнітарнае прадпрыемстве «Кінавідэапракат».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 14:27
Магілёўскі абласны драматычны тэатр 25 і 26 жніўня прадставіць прэм’еру спектакля «Гэта ўсё яна»
20.08.2020 - 10:25
Арт-праект «Мастацтва XXI стагоддзя без маскі» адкрыўся ў Магілёве
13.08.2020 - 11:43
Тэатр паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення СПБ адкрые чарговы сезон на свяце ў Бялынічах
12.08.2020 - 14:34
23.07.2020 - 11:21
23.07.2020 - 11:07