Пасол Ізраіля ў Беларусі Алон Шогам наведвае Прыдняпроўскі край. Праграмай візіту была прадугледжана сустрэча дыпламата са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Уладзімірам Даманеўскім.
Падчас дыялогу госць паведаміў, што дадзеная паездка ў рэгіён азнаямленчая. Яе мэта – вывучыць магчымасці вобласці і знайсці напрамкі для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Дыпламат падкрэсліў, што адной з сфер, дзе партнёрства найбольш верагодна, можа быць турызм, як свецкі, так і рэлігійны. Летам да 40% насельніцтва Ізраіля едзе адпачываць за мяжу, стаміўшыся ад гарачага мясцовага клімату. Магілёўская вобласць, як і ўся Беларусь у цэлым, прываблівае прыгажосцю прыроды, гасціннасцю, умеранай тэмпературай, адсутнасцю моўнага бар’еру. Тут нямала мемарыяльных месцаў, дзе пахаваны рабіны і філосафы, якіх ведаюць і паважаюць рэлігійныя ізраільскія турысты.
Цікавая для прадстаўнікоў зямлі запаветнай IT-сфера. Паводле слоў Алона Шогама, многія жыхары Ізраіля, якія развіваюць свой бізнэс у дадзенай галіне, з’яўляюцца выхадцамі з Беларусі. У Сінявокай добрая адукацыйная база і таленавітыя спецыялісты. Таму разглядаецца магчымасць навучання беларускіх студэнтаў са спецыялізацыяй на напрамкі і праекты існуючых кампаній з перспектывай далейшага працаўладкавання ў Ізраілі.
Агульнай для наладжвання супрацоўніцтва можа быць тэма энергазберажэння, актуальная для абедзвюх краін. У Ізраілі, як і ў Беларусі, няма сваіх сыравінных рэсурсаў – нафты і газу, таму актыўна ўкараняюцца энергазберагальныя праекты і сістэмы, выкарыстоўваюцца альтэрнатыўныя крыніцы энергіі.
Алон Шогам таксама звярнуў увагу на неабходнасць наладжвання культурных сувязяў. Маецца на ўвазе сумесны ўдзел у фестывалях, абмен спецыялістамі ў галіне мастацтва, знаёмства насельніцтва з гісторыяй і традыцыямі абодвух народаў.
У сваю чаргу, Уладзімір Даманеўскі адзначыў, што Магілёўскай вобласці цікавы вопыт Ізраіля ў сферы медыцынскага абслугоўвання. Акрамя таго, ён паведаміў, што на ўзроўні профільнага міністэрства ўжо прапрацоўваецца пытанне арганізацыі ў рэгіёне сумеснай беларуска-ізраільскай вытворчасці па выпуску медыцынскіх прэпаратаў.

Губернатар звярнуў увагу пасла на перспектывы развіцця інвестыцыйнага супрацоўніцтва і існуючыя прэферэнцыі для бізнесу на паўднёвым усходзе рэгіёна і ў СЭЗ «Магілёў». Старшыня аблвыканкама прапанаваў дыпламату вывучыць магчымасці стварэння сумесных вытворчасцей па выпуску пітной і мінеральнай вады, кашэрных мясных прадуктаў, перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, ягад і грыбоў.
У межах візіту ў нашу вобласць Алон Шогам ужо наведаў тэхналагічны парк «Магілёў» і СЭЗ «Магілёў», пагутарыў з прадстаўнікамі яўрэйскай абшчыны горада на Дняпры. Сёння ён мае намер азнаёміцца з работай ААТ «Магілёўліфтмаш», а таксама сустрэцца ў Горках з кіраўніцтвам і студэнтамі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.



Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 16:55
У Магілёўскай вобласці з’явіліся першыя экіпажы-трохтысячнікі
18.08.2020 - 13:27
Магілёўскія нарыхтоўшчыкі гатовыя прыняць усе лішкі сельгаспрадукцыі
18.08.2020 - 11:36
13.08.2020 - 16:32
«Магілёўхімвалакно» працуе пры поўнай загрузцы вытворчасці – намеснік гендырэктара
13.08.2020 - 09:14
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы пройдуць у Магілёўскай вобласці
12.08.2020 - 09:24