Рус Бел Eng 中文

Школьнікі з Кітая наведваюць Магілёўскую вобласць

Школьнікі з кітайскага горада Чанша правінцыі Хунань з 31 кастрычніка па 3 лістапада наведаюць Магілёўскую вобласць. Пра гэта паведамілі карэспандэнту сайта ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама.

Сёння хлопцы з Паднябеснай пабываюць у гімназіі №4 абласнога цэнтра. Тут гасцям прапануюць пазнаёміцца з унутраным панадворкам і зрабіць інтэрактыўную экскурсію па ўстанове адукацыі. Падчас наведванняў кабінетаў выкладчыкі прадэманструюць цікавыя формы вядзення урокаў. Напрыклад, у класе беларускай мовы адбудзецца прэзентацыя нацыянальнага лялечнага тэатра «Батлейка», замежнай мовы – фрагмента заняткаў па вывучэнні кітайскай мовы. У кабінеце гісторыі запланавана падарожжа ў мінулае Магілёва, а крэатыўнае выкарыстанне прадметаў побыту, канцылярскіх прадметаў прадэманструюць на ўроку фізікі. Не абыдзецца без канцэртнай праграмы. Прычым творчыя нумары на сцэне прадставяць не толькі калектывы ўстаноў адукацыі Магілёва, але і дзеці з Кітая.

Увечары хлопцы і дзяўчаты зробяць азнаямленчую экскурсію па горадзе. Госці пабываюць на плошчы Славы, дзе ўскладуць кветкі да Вечнага агню і паглядзяць цырымонію заступлення Ганаровай варты на Пост Памяці. Пасля школьнікам прапануюць наведаць музей гісторыі Магілёва, драмтэатр, прайсціся па пешаходнай вуліцы Ленінскай і загадаць жаданне на плошчы Зорак.

1 кастрычніка госці працягнуць знаёмства з адукацыйным працэсам у гімназіі №4. На гэты раз ім падрыхтуюць урок прыродазнаўства, на якім школьнікаў будуць навучаць стварэнню гіганцкіх мыльных бурбалак. Таксама запланаваны танцавальныя і творчыя заняткі. На апошніх будуць ствараць вырабы ў выглядзе далоняў з выкарыстаннем розных тэхнік. Пазней усе каляровыя далонькі будуць сабраны на «Сцяне Дружбы».

Праграмай візіту запланавана падпісанне пагаднення аб устанаўленні пабрацімскіх адносін паміж Міжнародна-эксперыментальнай пачатковай школай «Лушань» горада Чанша і гімназіяй №4 Магілёва. Дакумент замацавалі подпісамі дырэктары навучальных устаноў.

Пасля афіцыйнай часткі дэлегацыя адправіцца ў Круглянскі раён, дзе наведае экатуркомплекс «Мікалаеўскія сажалкі». Яшчэ адну экскурсію – ваенна-патрыятычную – хлопцы і дзяўчаты зробяць 2 лістапада ў в. Усакіна Клічаўскага раёна. У гэты ж дзень у гімназіі №4 школьнікаў навучаць вырабляць лялькі-абярэгі, а пасля запросяць прыняць удзел у спартыўным свяце «Чатыры стыхіі» і пазнавальна-забаўляльным шоу «Пяты элемент».

Не менш насычанай будзе праграма 3 лістапада. Пасля этнаграфічнага квэсту ў «Зялёным гаі» Пячэрскага лесапарку, у актавай зале гімназіі запланаваны «Вечар Дружбы». Завершыцца мерапрыемства танцавальным флэшмобам «Крок за крокам» і запускам у неба паветраных шароў з пажаданнямі міру і дружбы.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая