Рус Бел Eng 中文

У лістападзе ў Бабруйску запусцяць новы тэлевізійны канал

У лістападзе ў Бабруйску запусцяць новы тэлевізійны канал. Гучную медыяпрэм’еру восені першымі змогуць убачыць і ацаніць тэлегледачы па ўсёй Магілёўскай вобласці.

«Бабруйск-360» – новы сучасны, поўнафарматны гарадскі тэлеканал. Акцэнт зробяць на самыя важныя і рэзанансныя тэмы, якія зацікавяць жыхароў усяго рэгіёна.

«Глядзець тэлеканал у роўнай ступені будзе цікава як бабруйчанам, так і жыхарам Кіраўска, Глуска, Асіповічаў, – расказаў пра будучае ТБ галоўны рэдактар медыяхолдынга «Бабруйскае жыццё» Вадзім Шчаглоў. – Канал будзе інфармацыйна насычаным, выпускі навін будуць выходзіць кожную гадзіну, вынікі ўсяго дня можна будзе паглядзець у вячэрняй праграме. У сетцы вяшчання значыцца і так званае актуальнае інтэрв’ю – праграма пра людзей, якія дабіліся поспеху ў розных сферах: палітыкі, кіраўнікі, бізнесмены».

Запланаваная штотыднёвая аўтарская праграма па нядзелях і гадзіннае ранішняе шоу «Двайное эспрэса».

«Мы павінны быць аператыўнымі і інфарматыўнымі, а таму гэтае шоу будзе ўключаць навіны з абсалютна розных сфер, – падзяліліся дэталямі стваральнікі ТБ. – Усё будзе вельмі лаканічна, каб чалавек прачнуўся і з самай раніцы атрымаў неабходную дозу інфармацыі. Складана будзе вылучыцца на агульным фоне тэлеканалаў, якіх сёння больш за сто, а ранішнія праграмы робяць усе флагманы тэлевяшчання. Таму наша задача – закрануць і паказаць максімум за 60 хвілін».

Інфапрычыны рознай накіраванасці, навіны высокіх тэхналогій, фітнес, агляды, святы, гараскопы, прагноз надвор’я – не выходзячы з дому і не зазіраючы ў навінавыя стужкі сайтаў. Тэлегледачы змогуць быць у курсе ўсіх апошніх падзей. У перспектыве плануецца, што ў студыю ранішняга эфіру будуць запрашаць гасцей.

«Увесь спектр бабруйскага жыцця на адной кнопцы,» – менавіта так пазіцыянуюць канал яго стваральнікі. Меркаванні, аналітыка, ток-шоу, крымінал, забаўляльныя праграмы. Вяшчаць «Бабруйск-360» будзе як у кабельных сетках, так і ў інтэрактыўным пакеце «ZALA». Зараз вядуцца перамовы з аператарам. Паглядзець «Бабруйск-360» можна будзе і ў інтэрнэце на сайце Bobrlife, і ў сацыяльных медыя. Платформай жа для вяшчання стане адзін са сталічных тэлеканалаў, а таму, акрамя аўтарскіх праектаў, тэлегледачы змогуць глядзець якасныя фільмы і серыялы.

Гэта што тычыцца творчагоа складніка. У тэхнічным плане, паводле слоў галоўнага рэдактара, таксама ўсё па графіку. «Цяпер ідзе працэс мантажу і пуска-наладачныя работы, – растлумачыў Вадзім Шчаглоў. – Вядома, спатрэбіцца час, каб навучыць персанал працы на новым абсталяванні. Варта ўлічваць, што да гэтага мы ніколі не выходзілі ў прамым эфіры. Цяпер важна падрыхтаваць выпускаючых аператараў і рэжысёрскую групу да працы ў новых умовах».

Вялікую працу трэба будзе правесці і карэспандэнтам, якія з’явяцца ў кадры. Дарэчы, іх імёны і галасы ўжо знаёмыя бабруйчанам. Паводле слоў Вадзіма Шчаглова, задзейнічаюць выключна ўнутраныя рэзервы. Бо многія з тых, хто працуе сёння ў медыяхолдынгу, прайшлі школу тэлебачання. Засталося толькі ўспомніць гэты вопыт і прымяніць яго.

Самае ж частае пытанне, з якім звяртаюцца да куратараў праекта: «Адкуль у назве лічба 360 і што яна пазначае?». Аказалася, што ўсё даволі проста: «Мы пазіцыянуем сябе як канал з шырокім кругаглядам. Так, мы ставім амбіцыйную задачу расказаць пра ўсё, што адбываецца ў горадзе і ўвесь час быць у цэнтры падзей. На экране адаб’ецца поўны спектр навін, меркаванняў, праграм...».

Наколькі ж атрымаецца рэалізаваць усе планы і ідэі, тэлегледачы даведаюцца зусім хутка. А каб эфір быў на самай справе прафесійным і чыстым, з дня на дзень пачнецца тэставае вяшчанне. Як толькі праца будзе наладжана, тэлеканал адкрыюць для ўсіх. Такім чынам завершыцца фарміраванне першага рэгіянальнага медыяхолдынга. Нагадаем, што сёння ў структуры выдавецкага прадпрыемства «Бабруйскае жыццё» працуюць адразу некалькі інфармацыйных пляцовак: штотыднёвая газета «Бабруйскае жыццё», інтэрнэт-партал Вobrlife, радыё «Zефир FM» і тэлепраграма «Сёння ў Бабруйску», якая выходзіць па буднях на канале «Беларусь 4 Магілёў».

Газета «Бабруйскае жыццё»

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая