У Магілёўскай вобласці больш чым у 1,6 раза зменшылася колькасць зарэгістраваных выпадкаў шаленства сярод жывёл. Пра гэта паведамілі спецыялісты абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Так, па дадзеных ветэрынарнай службы за студзень-кастрычнік 2017 года зафіксавана 28 падобных фактаў у параўнанні з 46 за аналагічны перыяд 2016 га.
Як і раней, часцей за ўсё на тэрыторыі рэгіёна трапляліся шалёныя лісы – 20 выпадкаў. Акрамя таго, рэгістраваліся выпадкі шаленства янотападобнага сабакі (4 факты), буйной рагатай жывёлы (2), лася і хатняй сабакі (па 1).
У разрэзе рэгіёнаў найбольшая колькасць шалёных жывёл зарэгістравана ў Клімавіцкім раёне – 7 выпадкаў. Найбольш спрыяльная эпізаатычнай сітуацыя адзначалася ў Магілёве, Горацкім і Шклоўскім раёнах, дзе падобных фактаў не было выяўлена.
Шаленства – інфекцыйнае захворванне віруснай прыроды, якое перадаецца пры цесным кантакце са сліной інфіцыраваных. Час заразлівасці ў жывёл наступае за 3-10 дзён да з’яўлення клінічных прыкмет і працягваецца ўвесь перыяд захворвання. Інкубацыйны перыяд пры шаленстве ў чалавека складае звычайна ад 10 дзён да 2 месяцаў, хоць вядомыя выпадкі яго скарачэння да 5 дзён, падаўжэння да 1 года і больш.
Першыя сімптомы захворвання могуць выяўляцца ў месцы пашкоджання скуры ў выглядзе цягліцавых (мышачных) паторгванняў, свербу, болі па ходзе нерваў. Спачатку адзначаюцца беспадстаўная трывога, страх, падвышаная адчувальнасць да святлавых і гукавых раздражняльнікаў, субфебрыльная тэмпература. Пасля могуць далучацца прыступы вадабоязі: балючыя спазмы цягліц глоткі і гартані пры спробе папіць, пры гуках вады, якая ліецца. З кожным днём захворванне прагрэсіруе, развіваюцца паралічы. Смерць наступае ад спынення дыхання і сардэчна-сасудзістай дзейнасці.
«Шаленства – абсалютна смяротнае захворванне, якое, аднак, можна папярэдзіць, – падкрэслілі суразмоўцы. – У арсенале ў медыцынскіх работнікаў маюцца досыць эфектыўныя лекавыя сродкі – антырабічная вакцына і імунаглабулін. Аднак яны гарантуюць ахову пры своечасовым звароце пацярпелых па медыцынскую дапамогу ў арганізацыю аховы здароўя».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
03.08.2020 - 15:58
27.07.2020 - 16:01