Сёння ўрачыста адкрыўся пасля рэканструкцыі Бабруйскі супрацьтуберкулёзны дыспансер – філіял гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі імя В. А. Марзона. Пра гэта паведаміла загадчыца філіяла Людміла Бачарова.
Рэканструкцыю з капрамонтам будынка па вуліцы Гогаля пачалі ў 2016 годзе з 2-га паверха, былі адрамантаваны кабінеты, закуплена абсталяванне і мэбля. Сюды пераехала дыспансерное аддзяленне. «У сакавіку 2017 года мы прыступілі да рэканструкцыі першага паверха. Тут быў пераабсталяваны рэнтгеналагічны кабінет, усталяваны апарат «Униэксперт-3 +», у абноўленых кабінетах размясцілася клінічная лабараторыя, адміністрацыя і іншыя службы», – расказала загфіліяла.
«Важна, што дзякуючы рэалізацыі гэтага праекта мы здолелі аб’яднаць усе службы ў адным будынку, раней яны былі раскіданы па тэрыторыі горада. Гэта дасць магчымасць павысіць якасць і аператыўнасць абслугоўвання насельніцтва», – адзначыла Людміла Бачарова.
Філіял «Бабруйскі супрацьтуберкулёзны дыспансер» з’яўляецца метадычным цэнтрам па барацьбе з сухотамі, аказвае арганізацыйна-метадычную дапамогу спецыялістам агульналячэбнай сеткі. Тут абслугоўваецца насельніцтва Бабруйска і пяці найбліжэйшых раёнаў: Бабруйскага, Асіповіцкага, Клічаўскага, Кіраўскага і Глускага.
«Дзякуючы штогадоваму правядзенню прафілактычных мерапрыемстваў (флюараграфічнае, бактэрыялагічнае і бактэрыяскапічнае абследаванне насельніцтва, туберкулінадыягностыка, вакцынацыя і рэвакцынацыя БЦЖ), выяўленню і лячэнню хворых мы дасягнулі стабілізацыі захворвання і смяротнасці ад туберкулёзу, якія ніжэйшыя за сярэднеабласныя паказчыкі», – падкрэсліла Людміла Бачарова.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
03.08.2020 - 15:58
27.07.2020 - 16:01