Рус Бел Eng 中文

Фестываль творчасці інвалідаў саюзнай дзяржавы «Разам мы зможам больш» пройдзе ў Магілёве 22-26 лістапада

Фестываль творчасці інвалідаў саюзнай дзяржавы «Разам мы зможам больш» пройдзе ў Магілёве 22-26 лістапада. Форум адбудзецца на базе абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы, які з’яўляецца арганізатарам мерапрыемства.

Удзел у фэсце прымуць творчыя дэлегацыі з 6 абласцей Беларусі, горада Мінска і 6 расійскіх рэгіёнаў. У горад на Дняпры прыедуць калектывы мастацкай творчасці, індывідуальныя выканаўцы, удзельнікі па намінацыях ДПМ, выяўленчым мастацтве з ліку людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ва ўзросце за 18 гадоў. Усе яны з’яўляюцца пераможцамі нацыянальных, рэспубліканскіх, краявых, рэгіянальных фестываляў і конкурсаў. У склад дэлегацый таксама ўключаны асобы, якія атрымалі запрашэнне аргкамітэта форуму.

Падчас фэсту будуць дэманстравацца творчыя дасягненні ў розных намінацыях: народныя, акадэмічныя, эстрадныя, жэставыя спевы, харэаграфія, тэатральны жанр, музычна-інструментальнае выканальніцтва, аўтарская паэзія і бардаўская творчасць, дэкаратыўна-прыкладное і выяўленчае мастацтва, арыгінальны жанр. Для ўдзельнікаў мерапрыемства арганізуюць экскурсіі па гістарычных і памятных месцах, музеях Магілёва.

Праграма фестывалю разнастайная. Кожны дзень будзе тэматычным.

Так, 22 лістапада абвесцяць Днём дружбы, які запомніцца ўдзельнікам ўрачыстай цырымоніяй адкрыцця мерапрыемства, стартам выставы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вечарам дружбы «Ад сэрца да сэрца», на якім дэлегацыі прадставяць свае візітныя карткі.

23 лістапада будзе Днём Беларусі, падчас якога адбудуцца конкурсныя выступленні дэлегацый беларускіх рэгіёнаў і Мінска, майстар-класы па жанрах мастацкай творчасці членаў журы. Запланаваны таксама выязныя канцэрты гасцей з Бранскай, Калужскай, Маскоўскай, Пскоўскай, Смаленскай, Цвярской абласцей у дамы-інтэрнаты Магілёўшчыны. Падарункам для ўдзельнікаў фестывалю стане выступленне Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г. І. Цітовіча. Завершыцца дзень вечарам адпачынку «Беларускі гасцінец» з дыскапраграмай «Рытмы дружбы».

24 лістапада стане Днём Расіі. Сваю творчасць прадставяць расійскія дэлегацыі, а з выязнымі канцэртамі ў дамы-інтэрнаты рэгіёна адправяцца беларускія артысты. Для гасцей арганізуюць канцэрт заслужанага калектыву Беларусі, народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Неруш» (Мінск), а таксама вечар адпачынку «На крылах творчасці».

У Дзень міру і радасці творчасці – 25 лістапада – запланавана прэс-канферэнцыя, гала-канцэрт «Творчасць без межаў», узнагароджанне, закрыццё фестывалю.

26 лістапада – у Дзень фінальнага акорда – адбудзецца сустрэча ўдзельнікаў форуму.

Фестываль творчасці інвалідаў Саюзнай дзяржавы «Разам мы зможам больш» праводзіцца з мэтай захавання агульнай культурнай прасторы, стымулявання актыўнага ўдзелу ў гэтым працэсе людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, стварэння стабільнай сістэмы ўзаемнага супрацоўніцтва дзвюх краін у галіне мастацкай творчасці інвалідаў.

Заснавальнікамі форуму выступаюць Пастаянны Камітэт Саюзнай Дзяржавы, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая