Праграму фестывалю нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску 17 лістапада адкрые спектакль «Кар’ера доктара Рауса» Віктара Марціновіча ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча.
«Кар’ера доктара Рауса» – гэта гісторыя чалавека, які нарадзіўся значна раней за сваю эпоху. І імя яго – Францыск Скарына. У конкурсе «Францыск Скарына і сучаснасць» гэтая п’еса была адзначана дыпломам першай ступені ў намінацыі «Сучасная п’еса».
У афішы тэатральнага форуму ёсць яшчэ адна пастаноўка, прысвечаная беларускаму першадрукару, – спектакль «Скарына» (М. Руткоўскі, рэжысёр С. Варнас), які прадставіць Магілёўскі абласны драматычны тэатр. Тут таксама гледачы ўбачаць не сухі малюнак з вядомай гравюры, а жывога Скарыну – рамантыка і чалавека, які, пераадольваючы цяжкасці, ішоў да сваёй мары.
У дзвюх конкурсных праграмах тэатральнага форуму – «Спектакль тэатра драмы» і «Эксперымент» – заяўлена 11 лепшых спектакляў, былога і бягучага тэатральных сезонаў, пастаўленых па творах беларускіх драматургаў. У іх ліку Беларускі дзяржаўны тэатр лялек са спектаклем «Ладдзя Роспачы» (У. Караткевіч, рэжысёр А. Леляўскі), Слонімскі драматычны тэатр з пастаноўкай «Тарас на Парнасе» (С. Кавалёў, рэжысёр В. Сявец), Гродзенскі абласны тэатр лялек «Камедыя Юдзіф» (С. Кавалёў, рэжысёр А. Жугжда).
Магілёўскі абласны тэатр лялек прывязе працу «Сіняя-сіняя» (У. Караткевіч, рэжысёр І. Казакоў), а гаспадары тэатральнага форуму Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча прадставяць прэм’еру гэтага сезону – «Кропкі на часовай восі» (Д. Багаслаўскі, рэжысёр Т. Траяновіч).
У кожнай з катэгорый выберуць найлепшы спектакль, рэжысуру, сцэнаграфію, п’есу сучаснага беларускага аўтара, вызначаць найлепшую мужчынскую і жаночую ролі, у тым ліку другога плана. У праграме форуму таксама выставы, экскурсіі, чыткі п’ес беларускіх драматургаў, майстар-класы, дзіцячая праграма.
Першы фестываль прайшоў у 1998 годзе. За час яго існавання па п’есах беларускіх аўтараў былі прадстаўлены 40 найлепшых спектакляў тэатраў з Беларусі і 8 спектакляў удзельнікаў з чатырох краін. Чыткі п’ес, арганізаваныя ў рамках мерапрыемства, дазволілі адкрыць новыя імёны, выдадзены зборнік п’ес маладых драматургаў, у рэпертуары Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча з’явіўся спектакль «Лондан» – удзельнік чатырох міжнародных фестываляў.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 14:27
Магілёўскі абласны драматычны тэатр 25 і 26 жніўня прадставіць прэм’еру спектакля «Гэта ўсё яна»
20.08.2020 - 10:25
Арт-праект «Мастацтва XXI стагоддзя без маскі» адкрыўся ў Магілёве
13.08.2020 - 11:43
Тэатр паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення СПБ адкрые чарговы сезон на свяце ў Бялынічах
12.08.2020 - 14:34
23.07.2020 - 11:21
23.07.2020 - 11:07