Новы шматпавярховы корпус плануюць пабудаваць у Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Пра гэта паведаміў галоўны ўрач установы аховы здароўя Павел Арахоўскі.
«Будаўніцтва аб’екта – адна з найважнейшых стратэгічных задач на самую блізкую будучыню, што дазволіць на парадак палепшыць якасць і аператыўнасць аказання медыцынскай дапамогі гарадскому насельніцтву», – адзначыў Павел Арахоўскі.
Паводле яго слоў, некаторыя будынкі бальніцы пабудаваны яшчэ ў XIX стагоддзі і зносін паміж імі няма. Гэта абцяжарвае аказанне паслуг, негатыўна адбіваецца на аператыўнасці ўзаемадзеяння. Будаўніцтва новага будынка дазволіць размясціць усе асноўныя службы і падраздзяленні ў адным месцы, стварыць больш камфортныя ўмовы працы для медперсаналу і знаходжання пацыентаў.
«Даручэнне аб дэталёвай прапрацоўцы пытання будаўніцтва новага корпуса дадзена мэрам Магілёва Уладзімірам Цумаравым. У будучым годзе мы плануем пачаць распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі. Паводле папярэдніх ацэнак, узвядзенне і абсталяванне медабсталявання новага корпуса абыдзецца каля $30 млн», – заўважыў Павал Арахоўскі.
У цяперашні час завяршаецца рэканструкцыя блока Б радзільнага аддзялення гарбальніцы, увядзенне ў эксплуатацыю якога запланавана на снежань 2017 года.
Магілёўская гарбальніца – адна з найстарэйшых устаноў аховы здароўя ў вобласці і рэспубліцы – працуе з 1802 года. Сёння гэта буйны шматпрофільны медыцынскі стацыянар на 942 койкі. Тут функцыянуюць 25 клінічных аддзяленняў, радзільны дом, 19 дапаможных службаў і кабінетаў. У бальніцы працуе 1,5 тыс. чалавек. У стацыянары праходзяць лячэнне звыш 38 тыс. чалавек у год, праводзіцца больш за 13 тыс. аперацый, штодня па медыцынскую дапамогу звяртаюцца ад 100 да 250 чалавек.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
03.08.2020 - 15:58
27.07.2020 - 16:01