Рус Бел Eng 中文

Асабісты прыём грамадзян у Краснапольскім райвыканкаме правёў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі

Дзякуючы асабістым прыёмам грамадзян аператыўна вырашаюцца праблемы людзей. Такое меркаванне выказала шматдзетная маці Алена Курчанка пасля прыёму ў старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага, які прайшоў сёння ў Краснапольскім райвыканкаме.

«Мне прыемна, што кіраўнік вобласці мяне ўважліва выслухаў і паабяцаў узяць на асабісты кантроль паднятае мною і мясцовымі жыхарамі пытанне аб газіфікацыі аграгарадка Горы. Зараз у нас з’явілася надзея і ўпэўненасць, што ў найбліжэйшай будучыні наша пытанне будзе вырашана, а ад гэтага залежаць таксама далейшыя перспектывы развіцця населенага пункта, паляпшэнне ўмоў і камфорту пражывання тут мясцовых жыхароў», – адзначыла Алена Курчанка.

З дзевяці грамадзян, якія звярнуліся па дапамогу да губернатара, двое – з пытаннямі газіфікацыі аграгарадкоў. Паводле слоў Уладзіміра Даманеўскага, вырашэнне гэтых пытанняў патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў і сур’ёзнай прапрацоўкі. Ён паабяцаў узяць гэтую тэму на асабісты кантроль і вырашаць яе паступальна, па меры магчымасці і наяўнасці сродкаў.

«Гэта не значыць, што газ прыйдзе заўтра ў аграгарадкі, але ў найбліжэйшыя часы мы павінны вырашыць дадзеную праблему. Для гэтага трэба больш актыўна працаваць і мясцоваму кіраўніцтву – адшукваць усе наяўныя магчымасці, каб палепшыць якасць і ўзровень жыцця людзей», – падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

Уладзімір Даманеўскі даручыў дэталёва прапрацаваць пытанні газіфікацыі шэрагу аграгарадкоў Краснапольскага раёна, падрыхтаваць праектна-каштарысную дакументацыю. У прыватнасці, па аграгарадках Леніна і Горы пытанні магчымасці газіфікацыі будуць разгледжаны пры фарміраванні пераліку будоўляў і аб’ектаў, якія фінансуюцца у 2018 годзе ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў па сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёнаў Дзяржпраграмы ў Магілёўскай вобласці.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая