Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці ў 60% выпадкаў затрыманне нецвярозых кіроўцаў супрацоўнікамі ДАІ адбываецца дзякуючы пільнасці грамадзян

У Магілёўскай вобласці ў 60% выпадкаў затрыманне нецвярозых кіроўцаў супрацоўнікамі ДАІ адбываецца дзякуючы пільнасці грамадзян. Пра гэта паведаміў сёння на брыфінгу, прысвечанаму прафілактыцы дарожна-транспартных здарэнняў, начальнік упраўлення ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама Міхаіл Неўмяржыцкі.

За 10 месяцаў 2017 года на дарогах рэгіёна зарэгістравана 373 ДТЗ (мінус 13 да аналагічнага перыяду 2016-га), у якіх 55 чалавек загінулі, 392 атрымалі траўмы. Пры гэтым на першым месцы сярод прычын няшчасных выпадкаў – кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення, па прычыне чаго адбылося 47 ДТЗ, 15 чалавек пазбавіліся жыцця і 44 былі паранены.

Міхаіл Неўмяржыцкі падкрэсліў, што п’яныя ДТЗ звычайна самыя трагічныя і рэзанансныя. Таму тут неабходная прафілактычная і практычная праца не толькі ўсіх зацікаўленых структур, але і насельніцтва. «Важна разумець, што патэлефанаваць і паведаміць пра нецвярозага кіроўцу за рулём, п’янага пешахода на праезджай частцы – не стукацтва, а грамадзянская пазіцыя. Гэтыя звесткі могуць выратаваць чалавечыя жыцці, папярэдзіць сітуацыю, калі пагражае турэмнае зняволенне». Дарэчы, набраць нумар 102 можна без кодаў як з мабільнага, так і са стацыянарнага тэлефона. Выклік бясплатны і рэакцыя на яго праваахоўнікаў імгненная.

Паводле слоў начальніка ўпраўлення ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама, у апошнія гады супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі ўсё складаней выяўляць вадзіцеляў, якія селі за руль пасля ўжывання спіртнога. Калі раней была магчымасць спыняць большасць машын для праверкі, то цяпер аўтамабільны паток вялізны і бясконцы, асабліва ў буйных гарадах. Таму звярнуць увагу на кожны транспартны сродак не ўяўляецца магчымым. Цяжар адміністрацыйных пакаранняў прынёс свой плён. Зарэгістраваных выпадкаў кіравання машынай у алкагольным ап’яненні стала менш. Аднак лічбы дагэтуль значныя. За студзень-кастрычнік быў выяўлены 2 341 факт (мінус 152 да 10 месяцаў 2016-га) знаходжання за рулём у нецвярозым стане, у тым ліку паўторна на працягу года затрыманы 111 п’яных кіроўцаў.

У цэлым у асенне-зімовы перыяд тэндэнцыя павелічэння колькасці ДТЗ з году ў год паўтараецца, звярнуў увагу Міхаіл Неўмяржыцкі. Спрыяюць росту статыстыкі кароткі светлавы дзень і складаныя ўмовы надвор’я. Пры гэтым часта грэбуюць простымі мерамі бяспекі менавіта пешаходы: пераходзяць вуліцу ў неўсталяваных месцах, нечакана з’яўляюцца на праезджай частцы з-за прадметаў, якія абмяжоўваюць агляд кіроўцу, ці перабягаюць дарогу на забараняльны сігнал святлафора. Часам людзі проста ідуць па кароткім шляху да найбліжэйшага прыпынку, лавіруючы паміж машынамі, якія рухаюцца на хуткасці, прычым пешаходны пераход можа знаходзіцца побач. Усё гэта прыводзіць да вельмі цяжкіх наступстваў.

З удзелам пешаходаў за 10 месяцаў 2017 года ў вобласці адбылося 121 ДТЗ, 21 чалавек загінуў, 103 атрымалі траўмы. Вінаватымі ў кожным трэцім здарэнні сталі самі пешаходы. «Паводле ПДР, кіроўцы павінны зніжаць хуткасць руху пры пад’ездзе да рэгуляваных і нерэгуляваных пешаходных пераходаў, і пешаходы пра гэта добра ведаюць, – адзначыў начальнік упраўлення ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама. – Але людзі не заўсёды задумваюцца аб тым, што пры пэўных умовах кіроўца можа не паспець затармазіць. Так, ён атрымае пакаранне, але жыццё чалавека ўжо нельга будзе вярнуць».

Міхаіл Неўмяржыцкі таксама звярнуў увагу, што ў цёмны час сутак ДТЗ са смяротным зыходам адбываюцца ў 3 разы часцей, чым у дзённы час. Асноўная прычына – дрэнная бачнасць. Пры руху ў цемры вадзіцель бачыць толькі тую частку дарогі, якая асветлена фарамі аўтамабіля. Пры гэтым ўспрыманне светлавых кантрастаў становіцца горш. Ужо ў ранніх прыцемках выразна бачныя днём прадметы блякнуць, а пасля заходу сонца становяцца ледзь адрознымі. Калі да гэтага дадаецца туман і дробны дождж, невыразная фігура чалавека цалкам зліваецца з цемрай. Таму святлоадбівальнікі сталі абавязковым атрыбутам пешахода ў многіх краінах. У Беларусі, як у большасці еўрапейскіх дзяржаў і ў ЗША, уведзена абавязковае нашэнне святлоадбівальнікаў для пешаходаў у цёмны час сутак. Вартавыя парадку маюць права штрафаваць тых, хто знаходзіцца на неасветленых вуліцах і шашы без святлоадбіўных элементаў. За гэта правапарушэнне штраф складае да 3 базавых велічынь.

«Важна не толькі мець святлоадбівальнікі, але і правільна іх размяшчаць, – падкрэсліў Міхаіл Неўмяржыцкі. – Флікер павінен знаходзіцца спераду. Калі гэта нарукаўная павязка, апранаць яе на правую руку. Найлепшым варыянтам з’яўляецца наяўнасць дзвюх павязак на абодвух рукавах. Пазначаны такім чынам пешаход дае магчымасць кіроўцу своечасова яго заўважыць і пазбегнуць наезду. Варта паклапаціцца і пра бяспеку сваіх пажылых бацькоў, сваякоў, нагадаўшы правілы пераходу праезджай часткі і пазначыўшы іх».

Паводле слоў Міхаіла Неўмяржыцкага, асаблівую небяспеку на праезджай частцы або паблізу ад яе ствараюць п’яныя пешаходы. Яны паводзяць сябе нелагічна, неасцярожна, а часам і агрэсіўна. Маюць месца выпадкі, калі нецвярозыя пешаходы выбіраюць для свайго адпачынку праезджую частку, такія аварыі сканчваюцца вельмі трагічна.

Нагадаў начальнік упраўлення ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама і аб адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне Правілаў дарожнага руху пешаходамі. Да прыкладу, за пераход праезджай часткі па-за пешаходным пераходам прадугледжаны штраф у памеры ад 1 да 3 базавых велічынь, што складае Br23-Br69. Калі пешаход парушае ПДР, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, то грашовае пакаранне складае ад 3 да 5 БВ (Br69-Br115). У выпадку, калі невыкананне Правілаў прывяло да стварэння аварыйнай абстаноўкі, сума павялічваецца і складае ад 3 да 8 БВ (Br69-Br184).

Таксама Міхаіл Неўмяржыцкі паведаміў, што з мэтай павышэння бяспекі руху на вуліцах горада ўвесь час вывучаецца сітуацыя і праводзіцца аналіз працы нерэгулюемых пешаходных пераходаў, у тым ліку колькасць учыненых на іх ДТЗ. У пэўных выпадках прымаюцца рашэнні аб ліквідацыі такіх аб’ектаў або ўстаноўцы святлафораў. Так адбылося з небяспечным пераходам на вуліцы Якубоўскага, дзе ўвечары 12 лістапада «Фальксваген» збіў маці з дачкой і мужчыну. Літаральна ўчора камунальныя службы прыбралі тут дарожныя знакі, зафарбавалі палоскі, а на тратуары ўсталявалі парэнчы. Альтэрнатывай зараз стануць размешчаныя непадалёк справа і злева «зебры» са святлафорамі.

У цэлым у Магілёве маюць намер скараціць колькасць нерэгулюемых пешаходных пераходаў. «Вядома, іх памяншэнне выкліча некаторыя нязручнасці грамадзян. Але кожны павінен разумець, што лепш выдаткаваць лішнюю хвіліну часу і перайсці дарогу ў бяспечным месцы, чым падвяргаць сябе неапраўдай рызыцы», – канстатаваў Міхаіл Неўмяржыцкі.

У той жа час у абласным цэнтры павялічаць лік святлафорных аб’ектаў. Яны з’явяцца па вул. Загарадная шаша, пр. Міру, у мікрараёне Фаціна і інш. Прапрацоўваецца таксама пытанне пабудавання ў горадзе дадаткова надземных і падземных пешаходных пераходаў. «Такія аб’екты павінны будавацца з улікам іх мэтазгоднасці і эфектыўнасці, паколькі патрабуюць немалых фінансавых выдаткаў», – падкрэсліў начальнік упраўлення ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама. Для забеспячэння бяспекі дарожнага руху будуць прымацца і іншыя меры: устаноўка знакаў абмежавання хуткасці, «ляжачых паліцэйскіх», дадатковае падсвятленне пешаходных пераходаў і г.д.

Аб адказнасці, што надыходзіць пасля здзяйснення ДТЗ, якое суправаджаецца цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі і прыводзіць да смерці людзей, расказаў начальнік аддзела па расследаванні злачынстваў супраць бяспекі руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў УСК па Магілёўскай вобласці Сяргей Якаўлеў. Ён падкрэсліў, што калі ўзбуджаецца крымінальная справа ў дачыненні да ўдзельніка ДТЗ, як правіла, кіроўцы, гэта не значыць, што чалавек вінаваты. Дадзеная мера накіравана, перш за ўсё, на высвятленне абставінаў здарэння, абарону законных правоў і інтарэсаў таго, хто быў за рулём. Таму важна не пакідаць месца ДТЗ, і тым больш, пацярпелага ў ім чалавека без дапамогі, паколькі гэта значна пагоршыць становішча кіроўцы. Так, учора ў Магілёўскім раёне аўтамабіль збіў веласіпедыстку і знік. У гэты ж дзень яго кіроўцу выявілі і затрымалі. У дачыненні да мужчыны распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 317 КК Беларусі і яшчэ адна – па арт. 159 (пакіданне ў небяспецы).

З асцярожнасцю трэба ставіцца да просьбаў родных і знаёмых дапамагчы пазбегнуць пакарання за зробленае. Сяргей Якаўлеў расказаў, што нядаўна ўступіў у законную сілу прыгавор у дачыненні да вадзіцеля, які, будучы п’яным, здзейсніў ДТЗ у Краснаполлі. Мужчына прасіў узяць віну на сябе сваіх сяброў – чатыры чалавекі пагадзіліся і далі лжывыя сведчанні. Аднак праваахоўнікі ўстанавілі ісціну. Абвінавачаны асуджаны, прыцягнуты да адказнасці і яго «памочнікі».

Таксама Сяргей Якаўлеў пацвердзіў сумную статыстыку асенне-зімовага перыяду. Калі ў сярэднім на тэрыторыі вобласці за месяц ўзбуджаецца 10 крымінальных спраў па фактах ДТЗ, то толькі за кастрычнік такіх адкрыта 27 – у асноўным гэта выпадкі сутыкненняў транспартных сродкаў і наезды на пешаходаў.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая