Рус Бел Eng 中文

Найлепшай «гаспадыняй» Магілёўскай вобласці стала кіраўская прыгажуня Лізавета Шарстабаева

Найлепшай «гаспадыняй» Магілёўскай вобласці стала кіраўская прыгажуня Лізавета Шарстабаева – такія вынікі агляду-конкурсу «Маладая Гаспадыня-2017», які прайшоў у Кіраўску напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Ініцыятарам і арганізатарам мерапрыемства выступіў абласны камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

Удзел у конкурсе прынялі 24 прадстаўніцы аграпрамысловага комплексу рэгіёна – ад навучэнцаў устаноў адукацыі сельскагаспадарчай накіраванасці да рыбаводаў, эканамістаў і ветурачоў. Усе таленавітыя і маладыя: ад 18 гадоў да 31 года. Абавязковай умовай для іх стала прафсаюзнае членства, а таксама пражыванне і праца ў сельскай мясцовасці.

Паводле слоў старшыні абкама галіновага прафсаюза Віктара Гейдэля, гэта ўжо другі конкурс на самую лепшую прадстаўніцу АПК, які праходзіць у Магілёўскай вобласці. «Першае мерапрыемства «Гаспадыня» ўсім вельмі спадабалася, мы атрымалі шмат станоўчых водгукаў і пажаданняў зрабіць яго штогадовым, – адзначыў ён. – Не апраўдаць гэтыя надзеі не маглі. Тым больш што такія творчыя спаборніцтвы дазваляюць людзям адцягнуць сваю ўвагу ад штодзённага клопату, адпачыць і зарадзіцца добрымі эмоцыямі. Аднак у правядзенні конкурсу ёсць не толькі забаўляльны, але і прафарыентацыйны складнік – прывабіць у сельскагаспадарчую галіну маладых спецыялістаў».

У выніку першае месца конкурсу і карона «Маладой гаспадыні» дасталася прадстаўніцы Кіраўскага раёна, педагогу-арганізатару філіяла «Кіраўскі прафесійны ліцэй» УА «Жыліцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы каледж», дваццацігадовай Лізавеце Шарстабаевай. Яна ж заваявала «Прыз глядацкіх сімпатый».

«Мяне перапаўняе шквал эмоцый, бо раней я ніколі не ўдзельнічала ў конкурсах, не стаяла на сцэне і нават не гаварыла ў мікрафон, – падзялілася сваімі ўражаннямі «Маладая Гаспадыня – 2017». – Самым складаным этапам быў творчы нумар, таму што я не спяваю, і не танцую, як іншыя дзяўчынкі. Вырашыла абыграць сітуацыю і зрабіць тое, што ўмею лепш за ўсё: намаляваць карціну вадой і ажывіць яе залацістым пылам. У маёй сям’і тата і сястра – мастакі, я таксама скончыла Бабруйскі мастацкі каледж. Педагогам-арганізатарам працую ўсяго 2 месяцы і ўжо такая адказнасць – прадстаўляць сваю арганізацыю і ўвесь раён на абласным конкурсе. Мне вельмі дапамагла мая шматлікая каманда і група падтрымкі ў зале – не думала, што столькі людзей будзе за мяне хварэць. Гэта вельмі прыемна».

Другой віцэ-міс стала начальнік гандлёвага аддзела ААТ «Фірма «Кадзіна»» Магілёўскага раёна Марына Уладзімірава. Ёй уручылі яшчэ адзін дыплом – «Міс арыгінальнасць». Трэцяе месца ў конкурсе заваявала рыбавод КСУП «Саматэвічы Агра» Вольга Кандраценка. Акрамя таго, яна ўдастоена дыплома «За найлепшую страву»: шлях да сэрца журы ляжаў праз запечаную фарэль.

Таксама журы ўручыла дыплом «Самыя ўмелыя рукі» бухгалтару ААТ «Горацкая райаграпрамтэхніка» Валянціне Рабчанка, «Міс талент» – сакратару КСУП «Язерскі» Чэрыкаўскага раёна Марыне Лукашовай, «Міс інтэлектуал» – бухгалтару ААТ «Авангард-Ніва» Асіповіцкага раёна Вользе Салаўёвай, «Міс чароўнасць» – навучэнцы Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага каледжа Анастасіі Брылянковой. Спецыяльны прыз журы дастаўся бухгалтару ААТ «Ляснянскім Агра» Слаўгарадскага раёна Людміле Рымшынай.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магаблвыканкама, абласны камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, Магілёўскі абласны аграпрамысловы саюз.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая