Рус Бел Eng 中文

Інфармацыйна-спартыўны комплекс з’явіўся ў Чэрыкаве

Інфармацыйна-спартыўны комплекс з’явіўся ў Чэрыкаве. Урачыстае адкрыццё новага аб’екта адбылося 24 лістапада ў райцэнтры, перадае карэспандэнт сайта.

Комплекс разгарнуўся на трох пляцоўках – на гарадскім стадыёне, у школе №1 і каля гарадскога возера, звязаных паміж сабой дарожкамі. Тут устаноўленае спецыялізаванае абсталяванне, уключаючы 7 варкаўт-комплексаў, 10 вулічных трэнажораў, а таксама 3 камплекты інфармацыйных стэндаў, дзе размешчана інфармацыя пра практыкаванні, якія можна выконваць. Абсталяваны і спартыўны маршрут даўжынёй больш за тысячу метраў для заняткаў бегам, скандынаўскай хадой, веласіпедных маршрутаў і прагулак на свежым паветры. А для людзей з інваліднасцю ўстаноўлены спартыўны комплекс ParaWorkout, які дазваляе займацца на турніках інвалідам-калясачнікам.

«Па праекце «Белмед» на тэрыторыі Магілёўскай вобласці – гэта другая пляцоўка па варкаўце і першая з магчымасцю заняткаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У рамках першага конкурсу праекта ўсяго па рэспубліцы адкрыта пяць аналагічных пляцовак. Гэта вельмі папулярны накірунак. Спадзяюся, комплекс будзе запатрабаваны ў жыхароў Чэрыкава, тых, хто хоча весці здаровы лад жыцця і фізічна развівацца», – адзначыла на цырымоніі рэгіянальны каардынатар праекта «Белмед» па Магілёўскай вобласці Алена Катлярэўская.

«Для малых гарадоў, такіх як Чэрыкаў, будаўніцтва спартыўных пляцовак з’яўляецца сур’ёзным крокам да павышэння фізічнай актыўнасці насельніцтва, у тым ліку і людзей з інваліднасцю. А як вядома, здаровая нацыя немагчымая без здаровых людзей. Упэўнены, сучасная пляцоўка дазволіць займацца спортам жыхарам нашага горада без прымусаў і панукванняў, – падкрэсліў старшыня Чэрыкаўскага райвыканкама Міхаіл Касмачоў. – Гэта добры пачын. Мы будзем і далей імкнуцца развіваць дадзены кірунак».

Тое, што зроблена вельмі шмат, пацвердзіў дырэктар інфармацыйна-кансультацыйнай установы «Садзеянне развіццю бізнесу» Яўген Зуеў. «Ініцыятыва ўнікальная тым, што для яе ўвасаблення ў рэальнасць выкарыстоўвалася існуючая інфраструктура горада. Пляцоўкі звязаны паміж сабой сеткай дарожак. Працягласць маршруту – 1130 м, але гэта ўмоўная лічба, паколькі праграму можна складаць пад сябе, павялічваючы дыстанцыю да неабходнай нагрузкі. Спадзяёмся, моладзь будзе актыўна карыстацца трэнажорамі».

У гэтым не варта сумнявацца, як сказаў жыхар Чэрыкава, спартсмен Уладзіслаў Маёраў. «На варкаўт-пляцоўцы каля гарадскога возера ўстаноўлены некалькі спартыўных снарадаў, але тут можна выканаць шмат практыкаванняў па ўмацаванні розных груп мышцаў як аматарам, так і прафесіяналам. Напрыклад, умацаваць кісці, плечавы пояс, мышцы брушнога прэса. Падказкамі паслужаць інфармацыйныя стэнды, – адзначыў малады чалавек. – Да таго ж на ўсіх трэнажорах можна займацца ў зручны час і ў любую пару года».

Комплекс з’явіўся ў райцэнтры дзякуючы рэалізацыі ініцыятывы «Выкарыстанне існуючых інфраструктур малых гарадоў для павышэння фізічнай актыўнасці насельніцтва з улікам інтарэсаў людзей з інваліднасцю», якая рэалізавана па праекце «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, папулярызацыя здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» («Белмед»). Гэты праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ, ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі.

У дзень адкрыцця новага аб’екта прайшлі спартыўныя спаборніцтвамі паміж школамі Чэрыкава. Перамогу святкавала каманда «Дынаміт» з СШ №1. На другім месцы апынулася дружына «Спорт» з гэтай жа навучальнай установы. Трэцімі сталі хлопцы з «Альфы», якія прадстаўлялі сярэднюю школу №2. Драўляныя медалі дасталіся спартсменам «Каметы» (СШ №2).

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая