Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці вызначылі пералікі тэрыторый, на якія будзе распаўсюджвацца дзеянне Указа №345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання»

На сесіі Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў сёння зацверджаны праект рашэння, якім вызначаны пералікі населеных пунктаў, тэрыторый за населенымі пунктамі рэгіёна, якія адносяцца да тэрыторыі сельскай мясцовасці, і малых гарадскіх паселішчаў, на якія будзе распаўсюджвацца дзеянне падпунктаў 1.1 і 1.5 пункта 1 Указа Прэзідэнта Беларусі №345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання».

Па прапановах райвыканкамаў сюды ўключаны 1615 населеных пунктаў і тэрыторый за населенымі пунктамі, якія адносяцца да тэрыторыі сельскай мясцовасці (а менавіта: тэрыторыі ў межах 50 сельсаветаў, выключаючы населеныя пункты; 8 участкаў аўтамабільных дарог 6 сельсаветаў; 1 зямельны ўчастак). Таксама ў пералік унесены 4 населеныя пункты, якія адносяцца да тэрыторыі малых гарадскіх паселішчаў – гарадскі пасёлак Дрыбін, горада Клічаў і Круглае, рабочы пасёлак Ялізава Асіповіцкага раёна.

У прыватнасці, у Бабруйскім, Быхаўскім, Горацкім, Глускім, Дрыбінскім, Кіраўскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Клічаўскім, Краснапольскім, Крычаўскім, Круглянскім, Магілёўскім, Мсціслаўскім, Слаўгарадскім, Хоцімскім, Чэрыкаўскім і Шклоўскім раёнах у пералік патрапілі населеныя пункты з колькасцю насельніцтва 30-100 чалавек. У ліку галоўных крытэрыяў выбару – неразвітасць гандлёвай інфраструктуры, адсутнасць стацыянарных гандлёвых аб’ектаў, рэалізацыя тавараў праз аўтамагазіны раённых спажывецкіх таварыстваў. Акрамя таго, тут маецца невыкарыстоўваемая нерухомая маёмасць, якая патэнцыйна ў далейшым можа стаць аб’ектам гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання.

У пералік унесены ўсе населеныя пункты сельскай мясцовасці Асіповіцкага раёна, што дасць магчымасць зрабіць яго прывабным для інвестараў у сферы гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, а таксама створыць роўныя ўмовы вядзення бізнесу ў сельскай мясцовасці для ўсіх суб’ектаў гаспадарання.

Не ўключаны ў спіс населеныя пункты Бялыніцкага і Чавускага раёнаў. Па сцвярджэнні райвыканкамаў, усе яны ахопленыя гандлёвым абслугоўваннем, аб’ектамі райста і прыватнай уласнасці.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Сарокіна адзначыла, што прыняцце праекта рашэння можа пацягнуць скарачэнне даходу бюджэту ў сувязі з усталяваннем для індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб пры ажыццяўленні імі дзейнасці ў сельскай мясцовасці і малых гарадах, вызвалення ад падатку на даданую вартасць, падатку на нерухомасць, зямельнага падатку, арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, паніжаных ставак падаткаабкладання па падатку на прыбытак, падаходным падатку з фізічных асоб, адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў. У той жа час дакумент накіраваны на стымуляванне дзейнасці суб’ектаў гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, стварэнне дадатковых працоўных месцаў, самазанятасці мясцовых жыхароў, паляпшэнне гандлёвага і бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Усяго падчас сесіі было разгледжана 12 пытанняў. Большасць – аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у рашэнні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая