Прэм’ера спектакля «Без Ягора будзе гора» па аднайменнай п’есе беларускага драматурга Васіля Ткачова адбудзецца 25 студзеня на сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ва ўстанове культуры.
Па словах суразмоўцаў, пастаноўка прымеркавана да юбілею пісьменніка – 1 студзеня 2018 года яму споўніцца 70 гадоў. «Вядомы беларускі празаік і драматург, лаўрэат прэстыжных прэмій, член Саюза пісьменнікаў і Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі нарадзіўся і жыве на Гомельшчыне. Нягледзячы на гэта, яго жыццёвы і творчы шлях цесна звязаны з Магілёўскай вобласцю, – расказалі ў драмтэатры. – Менавіта на нашай сцэне ён дэбютаваў як драмутург спектаклем «Сівы бусел» (1985 г.), а яго «Апошні», які і сёння ў рэпертуары тэатра, карыстаецца нязменным поспехам. У лістападзе 2017 года Магілёўскі абласны тэатр лялек сумесна з МНС прадставіў прэм’еру спектакля для дзяцей «Дарослыя цацкі, ці непаслухмяная запалка» па п’есе Васіля Ткачова. У гэтым жа месяцы ўпершыню паказалі казку «Адна дома» ў Магілёўскім тэатры драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча».
П’еса «Без Ягора будзе гора» («На ўсю вёску адзін мужык») была напісана ў 2012 годзе першапачаткова на беларускай мове, а пазней тэкст быў пераведзены аўтарам на рускую. Твор ставіўся прафесійнымі і аматарскімі тэатрамі Беларусі і блізкага замежжа. У Магілёўскім абласным драматычным тэатры пакажуць апошні варыянт п’есы.
У спектаклі заняты вядучыя акцёры тэатра: народны артыст Беларусі Рыгор Белацаркоўскі, заслужаны артыст Беларусі Васіль Галец, вядучыя майстры сцэны Галіна Угначова і Галіна Лабанок, а таксама маладыя актрысы Марыя Рудакова і Юлія Ладзік. Рэжысёрам і мастаком-пастаноўшчыкам выступае Аляксандр Дольнік. Апошні таксама добра знаёмы магілёўскаму гледачу жыццярадаснымі і чалавечнымі пастаноўкамі. У 1984-1987 гады ён узначальваў трупу Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, пазней працаваў тут як запрошаны рэжысёр і мастак-пастаноўшчык. Апошняя яго праца – спектакль «Казкі старога Арбата», прэм’ера якой адбылася 27 студзеня 2017 года і працягвае ісці пры поўным аншлагу.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 14:27
Магілёўскі абласны драматычны тэатр 25 і 26 жніўня прадставіць прэм’еру спектакля «Гэта ўсё яна»
20.08.2020 - 10:25
Арт-праект «Мастацтва XXI стагоддзя без маскі» адкрыўся ў Магілёве
13.08.2020 - 11:43
Тэатр паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення СПБ адкрые чарговы сезон на свяце ў Бялынічах
12.08.2020 - 14:34
23.07.2020 - 11:21
23.07.2020 - 11:07