Рус Бел Eng 中文

Кансультацыйную групу па пытаннях арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці плануюць стварыць у Магілёўскай вобласці

Кансультацыйную групу па пытаннях арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці плануюць стварыць у Магілёўскай вобласці. Неабходнасць фарміравання ў рэгіёне такой структуры абгрунтавалі ўдзельнікі пасяджэння грамадска-кансультацыйнага савета па развіцці прадпрымальніцтва, дзе абмяркоўваліся праблемныя моманты, з якімі сутыкаецца малы і сярэдні бізнес на першых этапах адкрыцця сваёй справы і падчас вытворчага працэсу.

Прадстаўнікі бізнесу вобласці не аднойчы выказвалі меркаванне аб тым, што цяжкасці пачынаюцца ўжо на пачатковым узроўні. Паводле іх слоў, на практыцы ні адна структура, ні адзін спецыяліст не валодаюць поўным і сістэматызаваным наборам інфармацыі па розных напрамках прадпрымальніцкай дзейнасці, неабходнай для яе пачатку і вядзення ў далейшым. Даводзіцца абысці мноства інстанцый, самастойна вывучыць вопыт калег, інтэрнэт і спецыяльную літаратуру для таго, каб зразумець, які неабходны набор дакументаў для адкрыцця справы ў той ці іншай сферы, дазволаў, ліцэнзій і інш. Як вынік, трацяцца не толькі час, але і значныя грашовыя сродкі.

«Мы знойдзем магчымасць стварыць кансультацыйную групу, – адзначыў падчас паседжання старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. – Верагодна, нейкія паслугі тут стануць аказваць на платнай аснове. Будуць распрацаваны асноўныя крытэрыі, дарожныя карты па пэўных відах дзейнасці, нарматывы, якія трэба ўлічваць чалавеку, каб пачаць нешта выпускаць. У ліку прыярытэтных – вобласці прамысловай вытворчасці».

Гаворачы аб развіцці ў рэгіёне малога і сярэдняга бізнесу, Уладзімір Даманеўскі падкрэсліў, што каля адной трэці плацяжоў у даходах бюджэту прыпадае на гэты сектар: ў 2016 годзе фінансавыя ўліванні прыватных структур склалі 30,8% ад агульных паступленняў, а па выніках студзеня-верасня бягучага – 32,6%. «Спадзяюся, у далейшым гэтыя лічбы будуць расці. Для гэтага выканаўчая ўлада павінна наладзіць сяброўскія адносіны з прадстаўнікамі бізнесу, стварыць належныя ўмовы для паспяховага функцыянавання прыватнага сектара эканомікі», – сказаў кіраўнік Прыдняпроўскага краю. Гэтаму, заўважыў старшыня аблвыканкама, пасадзейнічае і Дэкрэт №7, які прадугледжвае змяненне механізмаў узаемадзеяння дзяржаўных органаў і бізнесу, які мінімізуе ўмяшанне службовых асоб у працу суб’ектаў гаспадарання і ўзмацняе самарэгуляванне бізнесу, яго адказнасць за сваю працу перад грамадствам.

На 1 кастрычніка 2017 года, паводле дадзеных падатковай інспекцыі, у рэгіёне налічвалася 8 512 суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва – юрыдычных асоб і 22 441 індывідуальны прадпрымальнік. Як паведаміў у час пасяджэння намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Павел Марыненка, малы і сярэдні бізнес, у якім заняты кожны чацвёрты працаўнік рэгіёна, сёння фарміруе 21,6% валавога дададзенага кошту вобласці, 40% інвестыцый у асноўны капітал, 30% выручкі і знешнегандлёвага абароту, 20% прамысловай вытворчасці. Высокая доля бізнесу і ў тавараабароце.

У галіновай структуры малога і сярэдняга бізнесу рэгіёна пераважае сфера паслуг – 66,4% ад агульнай колькасці суб’ектаў прадпрымальніцтва, у вытворчасці працуе 33,6% арганізацый (у тым ліку сельская, лясная і рыбная гаспадарка – 6,3%, прамысловасць – 18, 2%, будаўніцтва – 9,1%).

За 9 месяцаў бягучага года ў вобласці зарэгістравана 449 новых камерцыйных арганізацый. Найбольшая колькасць – у Магілёўскім (47), Асіповіцкім (19), Быхаўскім (11), Бабруйскім (9), Клімавіцкім (9), Горацкім (8), Крычаўскім (8) раёнах, гарадах Магілёве (212), Бабруйску (74). За кошт стварэння вытворчасцей і прадпрыемстваў працаўладкавана больш за 2 130 чалавек, і ў асноўнай масе новыя працадаўцы – суб’екты прыватнага бізнесу.

Павел Марыненка дадаў, што рост колькасці суб’ектаў прадпрымальніцтва не заўсёды з’яўляецца паказчыкам іх ролі ў эканоміцы. «Бізнес сталее, узбуйняецца. Слабыя кампаніі сыходзяць з рынку. Таму найважнейшай задачай бачыцца стварэнне ўмоў не толькі для пачынаючых прадпрымальнікаў, але таксама і ўмацаванне, далейшае развіццё дзеючых кампаній», – падкрэсліў ён.

На думку намесніка старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама, прыняцце Дэкрэта №7 накладвае на органы дзяржаўнай улады і суб’екты бізнесу адказнасць за яго эфектыўную рэалізацыю. Але ў святле Дэкрэта трэба папрацаваць і над змяненнем Указа №488 аб ілжэпрадпрымальніцкіх структурах, каб абараніць добрасумленныя кампаніі. Таксама патрабуе ўважлівай прапрацоўкі пункт 6 Дэкрэта па непрыняццю кіраўніком юрыдычнай асобы неабходных мер па належнай арганізацыі дзейнасці юрыдычнай асобы. Спіс арганізацый, якія могуць прыцягнуць да адказнасці, дастаткова вялікі, крытэрыі ацэначныя. «Таму ўсім дадзена канкрэтнае даручэнне прапрацаваць КоАП, каб гэта норма была празрыстая і зразумелая як прадстаўнікам кантрольных органаў, так і прадпрымальнікам», – канстатаваў Павел Марыненка.

Таксама ён заўважыў, што да цяперашняга часу створаны ўсе арганізацыйныя і нарматыўна-прававыя асновы дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, накіраванай на аказанне фінансавай, маёмаснай і інфармацыйнай дапамогі. Рэалізуецца Дзяржаўная праграма «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» на 2016-2020 гады. У вобласці дзейнічае 9 цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва і 5 інкубатараў малога прадпрымальніцтва. У 2016 годзе створана 2 новыя суб’екты інфраструктуры: у якасці цэнтра зарэгістравана ААТ «Крычаўскі рынак», у якасці інкубатара – ААТ «Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця». У бягучым годзе статус інкубатара малога прадпрымальніцтва прысвоены ААТ «Вольт». Дадзеная праца працягваецца, у тым ліку пры падтрымцы праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ПРААН «Садзеянне занятасці і самазанятасці насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Рэспублікі Беларусь», які рэалізуецца ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях. Сумесна з райвыканкамамі падабраны і прапанаваны праекты пляцоўкі для стварэння інкубатараў у Крычаве, Чавусах, Чэрыкаве, Мсціславе.

У ліку прыярытэтаў на самую блізкую будучыню Павел Марыненка назваў развіццё стартап-руху, падтрымку жаночага прадпрымальніцтва, павышэнне эфектыўнасці работы грамадска-кансультацыйных саветаў у гарадах і раёнах. «У кожным рэгіёне ёсць свая спецыфіка, свае традыцыйныя віды бізнесу. Камітэт эканомікі па адпаведным графіку будзе прымаць удзел у іх працы», – падкрэсліў ён.

Пасяджэнне грамадска-кансультацыйнага савета па развіцці прадпрымальніцтва адбылося 29 лістапада ў Магілёўскім раёне. Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі абласнога Савета дэпутатаў, аблвыканкама, райвыканкамаў, члены абласнога Савета па развіцці прадпрымальніцтва, а таксама суб’екты малога і сярэдняга бізнесу, іншыя зацікаўленыя асобы. Яны наведалі ТАА «Протас Аўта», «Баір Вест» і «Сервалюкс Агра», дзе азнаёміліся з вопытам паспяховай работы гэтых прадпрыемстваў. Падчас пасяджэння была агучана інфармацыя аб ходзе выканання Дзяржаўнай праграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» на 2016-2020 гады. Прадстаўнік інспекцыі МПЗ па Магілёўскай вобласці растлумачыў асноўныя змены падатковага заканадаўства ў 2018 годзе.

Сярод праблемных пытанняў, якія абмяркоўвалі ўдзельнікі пасяджэння, ярка прагучала тэма даступнасці сыравіны для прадпрымальнікаў, якія займаюцца дрэваапрацоўкай ў раёнах. «Мы звернемся ў Міністэрства лясной гаспадаркі з хадайніцтвам аб тым, каб усім прадпрымальнікам, якія маюць невялікі бізнэс у дрэваапрацоўцы, але з’яўляюцца асноўнымі падаткаплацельшчыкамі і экспарцёрамі ў тых ці іншых рэгіёнах, быў забяспечаны роўны доступ да сыравіннай базы, – адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Віктар Некрашэвіч. – Адзін з варыянтаў на 2018 год – задзейнічаць абласное лесагаспадарчае аб’яднанне, якое шляхам збору заявак патрэб ад прадпрымальнікаў сфарміравала б нейкі запас, які гарантуе прадстаўнікам малога і сярэдняга бізнесу стабільнасць вытворчага працэсу на прадпрыемствах».

Таксама Віктар Некрашэвіч паведаміў, што ў снежні на ўзроўні кіраўніка дзяржавы запланавана правядзенне грамадска-кансультатыўнага савета па развіцці прадпрымальніцтва. У мерапрыемстве прыме ўдзел і дэлегацыя ад Магілёўшчыны. Там будуць падняты і асноўныя праблемныя пытанні, якія паступаюць ад бізнесменаў нашай вобласці падчас аналагічных рэгіянальных пасяджэнняў, запэўніў намеснік старшыні аблвыканкама.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая