Рус Бел Eng 中文

Наймацнейшыя маладыя тэнісісты з пяці краін разыгрываюць у Магілёве ўзнагароды турніру-мемарыяла Тані Карпінскай

Наймацнейшыя маладыя тэнісісты з пяці краін разыгрываюць у Магілёве ўзнагароды 49-га Міжнароднага турніру-мемарыяла Тані Карпінскай па настольным тэнісе. Спаборніцтвы працягнуцца да 6 снежня ў спарткомплексе «Алімпіец», паведаміла карэспандэнту сайта галоўны суддзя спаборніцтваў Таццяна Даўганосава.

На традыцыйны турнір у гэтым годзе з’ехаліся 8 каманд з Літвы, Латвіі, Украіны, Расіі і Беларусі. Апошняя выставіла тры зборныя. З Літвы і Латвіі ў Магілёў прыехалі па адной камандзе. Расіяне таксама заявілі адзін састаў з маскоўскіх і казанскіх спартсменаў. Украіна прадставіла дзве зборныя. «Узровень спаборніцтваў і прафесійнага майстэрства юнакоў і дзяўчат высокі. У «Алімпійцы» выступаюць зборныя майстроў малой ракеткі, якія выязджаюць на першынства Еўропы. Упэўнена, глядач атрымае каласальнае задавальненне ад гульняў», – адзначыла Таццяна Даўганосава.

Турнір праходзіць па трох узроставых групах. У старэйшай будуць змагацца юнакі і дзяўчаты 2000-2003 года нараджэння, сярэдняй – 2003-2005 года нараджэння. У малодшай сіламі памераюцца хлопчыкі і дзяўчынкі 2005 года нараджэння і маладзейшыя. У СК «Алімпіец» сёння завершацца камандныя спаборніцтвы, а 5-6 снежня з 10.00 будуць праходзіць асабістыя. Пераможцам і прызёрам уручаць кубкі, медалі і каштоўныя падарункі.

Турнір-мемарыял Тані Карпінскай па настольным тэнісе ўваходзіць у афіцыйны міжнародны каляндар спаборніцтваў. Першынство дапамагае выявіць і адкрыць будучых зорак настольнага тэніса, да таго ж для саміх удзельнікаў гэта магчымасць набрацца гульнявога вопыту і павысіць свой рэйтынг.

Першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1969 годзе, калі па ініцыятыве Магілёўскага абласнога спартыўнага камітэта і абкама камсамола было прапанавана правядзенне турніру памяці Тані Карпінскай, вучаніцы сярэдняй школы №1 горада Магілёва, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны была сувязной і бясстрашнай падпольшчыцай. За баявыя заслугі яна пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны Першай ступені.

Мемарыял даў пуцёўку ў вялікі спорт не аднаму пакаленню тэнісістаў. Сярод іх – члены зборнай каманды СССР магіляўчане Валерый Яўневіч і Ала Мухаморава, чэмпіёнка свету расіянка Таццяна Куцергіна; чэмпіёны і прызёры еўрапейскіх першынстваў Уладзімір Самсонаў, Вераніка і Віктар Паўловічы, Таццяна Кастраміна, Яўген Шчацінін; чэмпіёны Расійскай Федэрацыі – Фёдар Кузьмін, браты Андрэй і Дзмітрый Мазуновы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая