Рус Бел Eng 中文

У КДК Магілёўскай вобласці адбыўся брыфінг па пытаннях рэалізацыі Указа Прэзідэнта №376 «Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці»

У Камітэце дзяржкантролю Магілёўскай вобласці адбыўся брыфінг па пытаннях рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2017/10/16 № 376 «Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці». Асноўная мэта мерапрыемства – тлумачэнне праз СМІ асноўных новаўвядзенняў у гэтай сферы, якія ўступаюць у сілу з 1 студзеня 2018 года, паведамілі ў прэс-службе ведамства.

Камітэт дзяржкантролю звярнуў увагу на тое, што з названай даты амаль трэць кантралюючых і наглядных органаў згубяць свае паўнамоцтвы на правядзенне праверак (органы ведамаснага кантролю, міністэрствы ўнутраных спраў, лясной гаспадаркі, сувязі і інфарматызацыі, спорту і турызму, энергетыкі, рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні і інш.). У сувязі з гэтым ім неабходна ўжо зараз прыняць арганізацыйныя меры па забеспячэнні завяршэння да гэтага тэрміну ўсіх пачатых планавых і пазапланавых праверак.

«З наступнага года планавыя праверкі праводзіцца не будуць. Уводзіцца такое паняцце, як выбарачныя праверкі, – удакладнілі суразмоўцы. – Іх сутнасць заключаецца ў тым, што яны будуць прызначацца з улікам крытэрыяў ацэнкі ступені рызыкі на падставе вынікаў аналізу наяўнай у распараджэнні кантралюючага (нагляднага) органа інфармацыі, якая сведчыць аб высокай ступені рызыкі парушэнняў заканадаўства».

Сутнасць крытэрыяў рызыкі – ацаніць верагоднасць парушэнняў заканадаўства або прычынення шкоды ў выніку дзейнасці суб’екта жыццю або здароўю чалавека, навакольнаму асяроддзю, інтарэсам дзяржавы, законным інтарэсам фізічных і юрыдычных асоб.

Гэта значыць, што будуць правяраць тых, у каго вышэйшая ступень рызыкі. Такі парадак будзе з 1 студзеня 2019 года.

Сталі больш жорсткімі патрабаванні да прызначэння пазапланавых праверак. Каб выйсці на праверку таго ці іншага суб’екта, патрэбны будуць сур’ёзныя падставы, пацверджаныя дакументальна. У ходзе такіх праверак падлягаюць вывучэнню толькі тыя пытанні (сферы), да якіх адносяцца факты і абставіны, якія паслужылі падставай для прызначэння пазапланавай праверкі.

З 1 студзеня 2018 года ўсім дзяржаўным органам (арганізацыям), якія ажыццяўляюць нагляд у форме праверак (за выключэннем органаў пракуратуры), правядзенне праверак будзе дазволена толькі з выкарыстаннем кантрольных спісаў пытанняў (чэк-лістоў). Пры гэтым формы чэк-лістоў павінны быць зацверджаны рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання, дзяржарганізацыямі, падпарадкаванымі Ураду і загадзя размешчаны на афіцыйных сайтах кантралюючых (наглядных) органаў.

Дзяржкантроль акцэнтаваў увагу на тое, што будзе жорстка адсочваць захаванне кантралюючымі і нагляднымі органамі ўсіх устаноўленых заканадаўствам патрабаванняў пры арганізацыі і ажыццяўленні іх кантрольнай і нагляднай дзейнасці. Неабгрунтаванае ўмяшанне кантралёраў у дзейнасць правяраемых суб’ектаў недапушчальнае.

Акрамя таго, ужо з пачатку 2018 года за грубыя парушэнні пры арганізацыі і правядзенні праверак будзе прадугледжана адміністрацыйная адказнасць правяраючых, а за неабгрунтаванае назначэнне праверак з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў або асабістай зацікаўленасці – крымінальная адказнасць. Правядзенне праверкі дзеля праверкі не павінна быць.

Падчас брыфінгу таксама адзначалася, што ўсім правяраючым трэба больш актыўна працаваць у напрамку прафілактыкі і папярэджання правапарушэнняў. «Павінна быць наладжана канструктыўнае ўзаемадзеянне з прадпрымальнікамі і кіраўнікамі прадпрыемстваў. Трэба навучыцца не толькі правяраць і выяўляць парушэнні, але і дапамагаць, тлумачыць патрабаванні прававых актаў, інфармаваць аб тыповых парушэннях, каб суб’екты гаспадарання іх не дапускалі надалей», – падкрэслілі ў КДК.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая