Магілёўскія народныя абраннікі неўзабаве адзначаць стагадовы юбілей. Гэта адбудзецца ўжо 8 снежня. І народныя абраннікі Магілёва паставіліся да гэтай падзеі як заўсёды адказна. У выдавецтве «АмеліяПрынт» амаль скончана работа над багатым на рэдкія гістарычныя фотаздымкі і дакументы выданнем, прысвечаным стагадовай даце. Гэта працяг кнігі «Гісторыя Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў (1917-2014 гады)», якую тры гады таму пры дапамозе гарсавета дэпутатаў падрыхтаваў магілёўскі гісторык Міхаіл Рыськоў. Ён жа стаў аўтарам і новага выдання.

Магілёўскі гарсавет сёння.
Фота з архіваў
- Зроблены своеасаблівы летапіс Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў, іншымі словамі - гісторыі Магілёва, бо гэта, лічы, адно і тое ж, - кажа Міхаіл Рыськоў. - Дэпутаты заўсёды былі першымі на галоўных кірунках развіцця горада. У альбоме ўпершыню друкуюцца дзясяткі фатаграфій дэпутатаў Магілёўскага гарсавета, якія раней былі вельмі вядомыя ў Магілёве, а потым сталі цалкам забытыя. Прыйшлося добра папрацаваць у магілёўскіх архівах, каб аднавіць справядлівасць.
Сем раздзелаў уключаюць у сябе ўсе перыяды гісторыі гарадскога Савета. Усё пачынаецца з таго моманту, калі ў Магілёве знаходзілася апошняя стаўка цара. Ёсць унікальнае фота, дзе Мікалай ІІ з цэсарэвічам Аляксеем сядзяць на лаўцы ў садзе на вале (цяперашні парк імя Горкага). Там ужо тады было электрычнае асвятленне.
А вось здымак 1919 года, дзе старшыня Цэнтральнага выканаўчага камітэта СССР Міхаіл Калінін уручае сцяг 23-м магілёўскім пяхотным курсам чырвоных камандзіраў. Дарэчы, начальнік курсаў Пётр Лашук - адзін з першых магілёўскіх дэпутатаў. Яго фота наогул друкуецца ўпершыню. Тут жа здымкі іншых дэпутатаў 20-х гадоў, якія таксама дагэтуль можна было ўбачыць толькі ў архівах.
Другі раздзел расказвае пра часы першых пяцігодак. Горад з правінцыяльнага, рамеснага вырас да буйнога прамысловага цэнтра. І тут таксама шмат чаго зроблена дэпутатамі. Яны, як заўсёды, на перадавой - заклікаюць, арганізуюць, паказваюць прыклад.

Вялікая Айчынная вайна і абаронцы Магілёва. На адным з фота гэтага раздзела — Вера Барабашкіна, дэпутат гарсавета, якую заслалі ў тыл ворага, каб здзейсніць дыверсійную аперацыю. За гэта яна атрымала ордэн Чырвонага Сцяга. Дагэтуль пра жанчыну-героя не было вядома амаль нічога ў гісторыі Магілёва.
Наступныя раздзелы - прамысловасць, будаўніцтва. І дзейнасць дэпутатаў пасляваенных скліканняў. Пачынаючы з 1954 года і па 1991 ідзе актыўнае будаўніцтва сацыялізму, а потым Савецкі Саюз дае трэшчыну, краіна бярэ курс на незалежнасць. І дэпутаты ўжо незалежнай Беларусі зноў каардынуюць працэс.
Нельга адмахнуцца
- Вы - першыя з дэпутатаў, хто вырашыў пакласці гісторыю дзейнасці народных абраннікаў на паперу. Можаце цяпер вызначыцца, каму было прасцей працаваць - першым дэпутатам або вам? - пацікавілася «МС» у старшыні Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Сяргея Іванова.

- Нездарма кажуць: каб лягчэй было рабіць сучаснае, трэба добра ведаць мінулае. У кожнага склікання дэпутатаў былі свае асаблівасці і цяжкасці. Вельмі складаным быў перыяд пераходу пасля развалу Савецкага Саюза да незалежнай Беларусі. Тады шмат чаго было незразумелым: пра далейшы шлях развіцця Беларусі кожны меў сваё меркаванне. Быў час, калі дэпутаты па два-тры дні не маглі зацвердзіць парадак дня... Калі ўстанавілася выразная сістэма размеркавання службовых абавязкаў, стала больш празрыстай работа выканаўчай і прадстаўнічай галін. Але ці стала прасцей, цяжка сказаць.
Якая, на ваш погляд, галоўная місія дэпутата?
- Служэнне народу. У імя народа, разам з народам і толькі для народа. Што б хто ні казаў, дэпутат - слуга народа, сувязнае звяно паміж уладай і народам. Праблемы, якія ёсць у людзей, дэпутат не дзеліць на важныя і другасныя. Калі чалавек звярнуўся з праблемай, значыць, яе трэба вырашаць. Нельга ад гэтага адмахнуцца.
- Ці праўда, што без дэпутатаў не вырашаецца ніводная важная справа ў горадзе?
- У адпаведнасці з законамі «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб статусе дэпутата мясцовага Савета Рэспублікі Беларусь», рэгламентам устаноўлена выключная кампетэнцыя гарадскога Савета. Яна ахоплівае асноўныя пытанні жыццезабеспячэння, жыццядзейнасці горада - гэта зацвярджэнне і кантроль за рэалізацыяй праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця, фарміраванне і зацвярджэнне бюджэту, гэта распараджэнне гарадской камунальнай маёмасцю, пытанні забеспячэння і функцыянавання сацыяльнай інфраструктуры - адукацыі, аховы здароўя, працаўладкавання, абслугоўвання асоб, якія знаходзяцца ў цяжкім жыццёвым становішчы, зацвярджэнне аб'ектаў будаўніцтва. Ні адно пытанне, якое датычыцца горада, не вырашаецца без удзелу дэпутатаў. Усе яны разглядаюцца на сесіі.
- Вы ўпісалі ў кнігу і сваю старонку - дзейнасць дэпутатаў 27-га склікання. Што пра вас з гэтай кнігі даведаюцца нашы нашчадкі?
- Можна занесці ў актыў тое, што пры нас, гарадскім Савеце дэпутатаў, створаны Маладзёжны парламент. Гэта калі ўсе 73 гарадскія ўстановы адукацыі сярэдняга, сярэдняга спецыяльнага, вышэйшага звяна прадстаўлены ў ім. Юнакі і дзяўчаты ў нас творчыя, крэатыўныя, і Маладзёжны парламент - гэта тая пляцоўка, дзе яны могуць рэалізаваць свае магчымасці, падрыхтавацца да ўступлення ў будучае дарослае жыццё. Моладзі ўласцівы юнацкі максімалізм. Дарослы падумае, але не заўсёды і скажа, а малады заўсёды выкажа свой пункт гледжання. Часам ёсць і слушныя прапановы, асабліва гэта датычыцца маладзёжных ініцыятыў, звязаных з патрыятычным выхаваннем, здаровым ладам жыцця, культурай паводзін, правядзеннем мерапрыемстваў у знакавыя для горада дні.
Робім гісторыю
Вячаслаў Панцюхоў, старшыня пастаяннай камісіі Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў па гарадской гаспадарцы і сферы паслуг:

- Стагадовая гісторыя, безумоўна, аказвае ўплыў на нашу работу. Мы бяром на ўзбраенне найлепшыя прыклады, якія былі пададзены дэпутатамі першых скліканняў. У кожнага часу ёсць свае выклікі, але нас аб'ядноўвае тое, што большасць дэпутатаў на працягу ўсяго перыяду стагадовай гісторыі былі зацікаўлены ў тым, каб Магілёў стаў больш прыгожым і камфортным для жыцця. І рабілі ўсё, што ад іх залежыць, у тых умовах, у якіх жылі і працавалі. Безумоўна, і мы ўнеслі свой уклад у развіццё горада. Гэта, напрыклад, адноўлены мост цераз Дняпро, рэканструкцыя якога закончылася летась. Праект дапрацоўваўся па меры выканання работ, і ў яго абмеркаванні актыўны ўдзел прымалі дэпутаты. Цяпер шчыльна працуем над стварэннем парку. На жаль, пакуль у Магілёве няма такога парку, як у Гомелі ці Мінску, але гэта толькі справа часу. Парк ствараецца ў Падміколлі, і мы прымаем актыўны ўдзел у гэтым.
Радуе, што жыхары апошнім часам таксама ўцягваюцца ў работу па навядзенні парадку, спрабуюць сваімі рукамі, за кошт асабістых сродкаў зрабіць свае дамы і пад'езды лепшымі, упрыгожыць дваравыя тэрыторыі. Калі падводзілі агляд-конкурс, прыйшлі да высновы, што з кожным годам такіх дамоў, пад'ездаў, двароў становіцца ўсё больш.
Нэлі Зігуля, «Звязда»
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59