Рус Бел Eng 中文

Семінар па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі арганізуюць у Бабруйску

Семінар «Ствары свой бізнес з нуля: асновы прадпрымальніцкай дзейнасці» арганізуюць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі 7 снежня ў бабруйскай гасцініцы «Турыст» (вул. Войкава, 20).

«Мерапрыемства праводзіцца ў рамках мясцовага сацыяльнага праекта па вырашэнні праблем працаўладкавання людзей з інваліднасцю «Крокі да поспеху», – защважыла каардынатар праекта Марына Абазовік. – Да гэтага прайшло два аналагічныя семінары ў Бабруйску, якія выклікалі вялікую зацікаўленасць не толькі ў мясцовых жыхароў, але і мінчан, магілёўцаў, гасцей з Оршы. Па просьбах зацікаўленых было прынята рашэнне правесці дадатковы семінар».

Паводле слоў спецыяліста, на мерапрыемства запрашаюцца людзі з інваліднасцю, якія жадаюць арганізаваць уласную справу або ўжо афіцыйна зарэгістравалі прадпрымальніцкую, рамесніцкую дзейнасць, а таксама прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, дзяржаўных і недзяржаўных сацыяльных устаноў, якія працуюць у напрамку працаўладкавання людзей з інваліднасцю. У праграме семінара запланавана вывучэнне асноўных аспектаў арганізацыі рамесніцтва, індывідуальнага прадпрымальніцтва, працы па адзіным падатку без рэгістрацыі ІП. Будуць разгледжаны пытанні падаткаабкладання фізічных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Асобную ўвагу нададуць тэме арганізацыі самазанятасці ў сельскай мясцовасці.

У рамках мерапрыемства пройдзе сустрэча са спецыялістамі ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта. Таксама запланаваны гутаркі з паспяховымі бізнесменамі з інваліднасцю і сацыяльнымі прадпрымальнікамі.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Цэнтр развіцця прадпрымальніцкай актыўнасці людзей з інваліднасцю «Вузел», адукацыйны цэнтр «АўрораСтар» у партнёрстве з АТІ «Асобы свет», установай «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г.Бабруйска» і першаснай арганізацыяй «Клуб «Міласэрнасць і здароўе» Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ленінскага раёна горада Бабруйска.

Удзел у семінары бясплатны. Пачатак – у 10.30. Запіс па тэлефоне 8-029-654-79-17 (Вэлком). Кантактная асоба – Марына Абазовік.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая