Рус Бел Eng 中文

Рэспубліканская акцыя «Бяспечны Новы Год!» пройдзе ў Магілёўскай вобласці з 4 па 28 снежня

Рэспубліканская акцыя «Бяспечны Новы Год!» пройдзе ў Магілёўскай вобласці з 4 па 28 снежня. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміла старшы інспектар Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

Па словах суразмоўніцы, галоўнай мэтай мерапрыемства з’яўляецца папярэджанне надзвычайных сітуацый у пераднавагодні перыяд. «Ад работнікаў МНС можна будзе даведацца, як бяспечна ўпрыгожыць навагоднюю ёлку, што рабіць, каб не апынуцца ў бальніцы праз петарду ці феерверк, чаму не варта гуляць на лёдзе, як не змерзнуць у моцны мароз і якія меры прыняць, калі ўсё-такі здарылася бяда. Акцыя будзе аднолькава цікавая як падрастаючаму пакаленню, так і дарослым», – адзначыла Вольга Нехарошых.

Мерапрыемства пройдзе ў чатыры этапы. Першы будзе працягвацца па 12 снежня. Ратавальнікі наведаюць санаторыі, аздараўленчыя цэнтры, прафілакторыі, дамы адпачынку, пансіянаты, дамы ветэранаў, цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У забаўляльна-інфармацыйнай праграме запланаваны тэматычныя конкурсы і віктарыны, бяспройгрышныя латарэі, дэманстрацыі тэматычных фільмаў і ролікаў.

Падчас другой часткі – з 13 па 20 снежня – навучанне пройдзе ў агульнаадукацыйных установах, дамах сямейнага тыпу, установах пазашкольнай работы і сем’ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. «З дапамогай розных гульняў і віктарын мы паспрабуем пераканаць дзяцей у тым, што ім выкарыстоўваць піратэхніку нельга», – падкрэсліла Вольга Нехарошых.

На трэцім этапе акцыі 21-26 снежня Дзед Мароз, Снягурка і іншыя казачныя персанажы правядуць прафілактычныя гутаркі і нагадаюць аб бяспечным выкарыстанні феерверкаў у месцах продажу піратэхнічных вырабаў, на закрытых і адкрытых лядовых катках і ў дзіцячых установах аховы здароўя.

Фінальныя мерапрыемствы акцыі запланаваны на 27-28 снежня. У гэтыя дні Дзед Мароз і Снягурка адправяцца ў месцы масавага знаходжання людзей: буйныя гандлёвыя цэнтры, рынкі, дзіцячыя забаўляльныя цэнтры.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая