Рус Бел Eng 中文

Грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі Магілёўскай вобласці ўносяць вялікі ўклад у развіццё структур грамадзянскай супольнасці – Андрэй Кунцэвіч

Грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі Магілёўскай вобласці ўносяць вялікі ўклад у развіццё структур грамадзянскай супольнасці, працуюць на забеспячэнне годнага ўзроўню жыцця насельніцтва, рэалізацыю сацыяльна-палітычных інтарэсаў людзей. Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч падчас паседжання каардынацыйнага Савета грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый рэгіёна.

Ён падзякаваў кіраўнікам структур за праведзеную працу ў 2017 годзе. «Думаю, для грамадскага сектара гэты год, нягледзячы на пэўную напружанасць, быў дастойным. Спадзяюся, з вашай дапамогай мясцовая ўлада і надалей будзе паспяхова вырашаць пастаўленыя перад ёй задачы, – сказаў Андрэй Кунцэвіч. – Сумна, што сышоў з жыцця старшыня савета Магілёўскай абласной арганізацыі ветэранаў вайны і працы Анатоль Любчанка. Нам будзе яго не хапаць не толькі як лідара найбуйнейшага грамадскага аб’яднання рэгіёна, але і як годнага, прыстойнага чалавека».

Андрэй Кунцэвіч таксама спыніўся на ўдзеле грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый у падрыхтоўцы і правядзенні выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў у абласны Савет дэпутатаў 28-га склікання. «Мы яшчэ ў пачатку шляху. Наперадзе сур’ёзная і, напэўна, самая цікавая і напружаная праца, – адзначыў ён. – Тым, хто мае намер актыўна заявіць пра сябе ў гэтую выбарчую кампанію, варта выкарыстоўваць магчымасць на 100%».

Удзельнікі пасяджэння каардынацыйнага Савета грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый таксама разгледзелі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна ў 2017 годзе, прааналізавалі дынаміку росту цэн у Магілёўскай вобласці, абмеркавалі арганізацыйныя моманты правядзення абласнога дабрачыннага марафону «Сагрэем дзіцячыя сэрцы».

Сярод іншых пытанняў і прапаноў, якія прагучалі на мерапрыемстве, – удасканаленне безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, падрыхтоўка сурдаперакладчыкаў, прадастаўленне льгот ветэранам працы, арганізацыя цэнтраў па бяспецы дарожнага руху, набыццё для Шклоўскай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку стала для настольнага тэніса.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая