Рус Бел Eng 中文

Больш за 250 спартсменаў прымуць удзел у рэспубліканскім турніры па лёгкай атлетыцы памяці Фёдара Кулакоўскага ў Магілёве

Больш за 250 спартсменаў прымуць удзел у рэспубліканскім турніры па лёгкай атлетыцы памяці заслужанага трэнера Беларусі Фёдара Кулакоўскага. Традыцыйныя спаборніцтвы дванаццаты раз пройдуць у магілёўскім СК «Алімпіец», паведамілі ў цэнтры алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы і гульнявых відах спорту.

На працягу двух дзён, 8-9 снежня, камплекты ўзнагарод разыграюць атлеты з Магілёва, Горак, Клічава, Шклова, Бялыніч, Быхава, Крычава, Касцюковіч, Бабруйска, Наваполацка, Гродна, Віцебска, Гомеля, Оршы, Мінска, Маларыты і Брэста. «Заяўкі ўсё яшчэ паступаюць, таму дакладная колькасць спартсменаў і геаграфія ўдзельнікаў будуць вядомы толькі да канца сённяшняга дня», – удакладнілі суразмоўцы.

У спаборніцтвах прымуць удзел юніёры і юніёркі 1999-2000 года нараджэння, юнакі і дзяўчаты 2001 года нараджэння і маладзейшыя. Яны будуць змагацца за медалі і дыпломы ў асабістым заліку ў 12 відах праграмы. Сярод іх кіданне дыска, штурханне ядра, скачкі ў вышыню і даўжыню, бег з бар’ерамі, бег на розныя дыстанцыі, а таксама спартыўная хадзьба. «Апошняя дысцыпліна адрозніваецца ад усіх астатніх, паколькі менавіта яе развіваў Фёдар Кулакоўскі, – падкрэслілі спецыялісты. – На старт будуць выходзіць не толькі юніёры, юніёркі, юнакі і дзяўчаты, але і малодшыя юнакі і дзяўчаты па ўзроставых катэгорыях 2001-2002, 2003-2004, 2005 нараджэння і маладзейшыя. Акрамя асноўных ўзнагарод, пераможцам належаць яшчэ і грашовыя прызы». Дарэчы, ветэранам спорту 9 снежня ў памяць аб заслужаным трэнеры таксама прапануюць прайсці спартыўнай хадзьбой дыстанцыю ў 1 км.

Гаворачы пра прэтэндэнтаў на п’едэстал гонару, суразмоўцы адзначылі, што наймацнейшыя юніёры зараз знаходзіцца на вучэбна-трэніровачных зборах па падрыхтоўцы да міжнародных стартаў, таму прапусцяць турнір-мемарыял. «Але гэта зусім не значыць, што спаборніцтвы будуць непрадстаўнічымі. У Магілёў прыедуць добрыя юнакі і дзяўчаты, якія паспелі сябе зарэкамендаваць і паказваюць стабільна высокія вынікі», – адзначылі суразмоўцы.

Плануецца, што цырымонію закрыцця і ўзнагароджання правядзе выхаванка Фёдара Кулакоўскага, яго былая жонка Валянціна Цыбульская. Яна станавілася двухразовым бронзавым прызёрам чэмпіянатаў свету 1997 і 2003 гадоў і ўладальніцай сярэбранага медаля ў 2001 годзе ў спартыўнай хадзе на 20 км.

Фёдар Кулакоўскі – таленавіты трэнер, які падрыхтаваў нямала пераможцаў і прызёраў першынстваў СССР, чэмпіянатаў свету, кубкаў свету і Еўропы, удзельнікаў Алімпійскіх гульняў. У снежні 2003 года ўдастоены звання «Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь» за паспяховую вучэбна-трэніровачную і выхаваўчую працу па падрыхтоўцы спартсменаў высокага класа па лёгкай атлетыцы.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая