У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання стартаваў другі сезон рэспубліканскага праекта «Мой стыль жыцця сёння – маё здароўе і поспех заўтра!». Пра гэта паведаміла падчас тэматычнага круглага стала псіхолаг аддзела грамадскага здароўя Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана Галавацкая.

Дадзены праект – аб’яднанне намаганняў міністэрстваў аховы здароўя і адукацыі ў фарміраванні ў студэнтаў ВНУ прыярытэту каштоўнасці здаровага ладу жыцця. Ён стартаваў у краіне ў 2013 годзе. Ініцыятарамі і арганізатарамі акцыі сталі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі і Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Усяго за некалькі гадоў праект паспяхова вырас да рэспубліканскага маштабу, да яго далучылася 37 беларускіх ВНУ, у тым ліку Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання і Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках.

У МДУХ праект пачаў рэалізоўвацца з лістапада 2016 года. У ім узялі ўдзел 43 студэнты другога курса механічнага і хіміка-тэхналагічнага факультэтаў універсітэта. Каардынатарам выступіў Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, а партнёрамі – рэгіянальныя лячэбныя ўстановы.

Быў распрацаваны план мерапрыемстваў, які аб’ядноўвае намаганні ўсіх зацікаўленых бакоў, наладжана міжведамаснае ўзаемадзеянне. Першы сезон насіў назву «Усе грані здароўя» і інфармацыйна-адукацыйную, медыка-прафілактычную накіраванасць. Студэнты прайшлі спецыяльнае анкетаванне, дыспансерызацыю і праслухалі цыкл лекцый і трэнінгаў, дзе даведаліся аб асновах здаровага ладу жыцця, рацыянальнага харчавання, прафілактыцы захворванняў, траўматызму, розных залежнасцяў.

Паводле слоў Святланы Галавацкай, пры рэалізацыі мерапрыемстваў праекта выкарыстоўваліся найноўшыя інфармацыйныя тэхналогіі, метадычныя распрацоўкі і інавацыйныя формы прафілактычнай работы. Па тэматыцы заняткаў вырабляліся і распаўсюджваліся адукацыйныя матэрыялы, размяшчалася інфармацыя на стэндах універсітэта. На першых паверхах навучальнай установы, дзе размешчаны тэлевізары, дэманстраваліся відэаматэрыялы і ролікі для студэнцтва ВНУ.

«Студэнты з задавальненнем прымалі актыўны ўдзел у занятках, абмяркоўвалі праблемы, адкрыта выказвалі свой пункт гледжання, атрымлівалі кансультацыі юрыстаў па пытаннях, – адзначыла Святлана Галавацкая. – Самае галоўнае – праяўлялі вялікую цікавасць да свайго здароўя і спосабаў яго падтрымання. Атрыманыя веды перадаваліся і распаўсюджваліся сярод іншых студэнтаў універсітэта па прынцыпе «роўны навучае роўнага» ў розных мерапрыемствах, якія арганізуюцца ў навучальнай установе». Акрамя таго, аналіз дыспансерызацыі маладых людзей, якія ўдзельнічалі ў праекце, паказаў, што стан здароўя многіх палепшыўся, у некаторых нармалізавалася маса цела, хтосьці адмовіўся ад шкодных звычак, у студэнтаў з хранічнымі захворваннямі спыніліся абвастрэнні. Таму куратары праекта прынялі рашэнне не спыняцца на дасягнутым і працягнуць працу па сфарміраванасці ў студэнтаў каштоўнасных адносін да здароўя і імкнення весці здаровы лад жыцця. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў і арганізатараў другога сезона рэспубліканскага праекта «Мой стыль жыцця сёння – маё здароўе і поспех заўтра!» у МДУХ будзе прафілактыка сардэчна-сасудзiстых захворванняў і захаванне душэўнай раўнавагі. Ужо праведзена чарговае мэтавае анкетаванне, пачалася дыспансерызацыя, адбыліся сустрэчы са спецыялістамі з абласнога анкадыспансера і валеолагам.

Дарэчы, у другога этапа, як і ў першага, ёсць свая сімволіка, якую распрацавалі студэнты ВНУ. І калі спачатку эмблемай праекта быў парастак, сімвал абуджэння жыцця, ведаў і маладосці, то сёння гэта ўжо паўнавартасная кветка з пакуль не раскрытым бутонам ў форме сэрца.

Пасяджэнне круглага стала «Праблемы захавання здароўя моладзі. Рэалізацыя рэспубліканскага прафілактычнага праекта «Мой стыль жыцця сёння – маё здароўе і поспех заўтра!»» адбылося 7 снежня на базе Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання. Удзельнікамі мерапрыемства сталі спецыялісты Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, прадстаўнікі ВНУ, устаноў аховы здароўя рэгіёна і студэнты. Яны абмеркавалі вынікі першага этапу праекта, а таксама арганізацыйныя пытанні міжведамаснага ўзаемадзеяння. Спецыялісты і моладзь без сумненняў пагадзіліся, што такая маштабная праца прыводзіць да павышэння ведаў аб здаровым ладзе жыцця сярод навучэнцаў, паляпшае якасць іх жыцця і дазваляе звесці рызыкі шматлікіх захворванняў да мінімуму.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
03.08.2020 - 15:58
27.07.2020 - 16:01