Рус Бел Eng 中文

Першая з лінейкі беларуска-кітайскай спецтэхнікі Zoomlion-МАЗ прайшла сертыфікацыю МС

Першая з лінейкі беларуска-кітайскіх машын Zoomlion-МАЗ прайшла сертыфікацыю Мытнага саюза, паведаміў дырэктар сумеснага беларуска-кітайскага прадпрыемства ТАА «Зумліён-МАЗ» Юрый Півавараў.

Расія, Казахстан і іншыя краіны далі зялёнае святло на рэалізацыю і эксплуатацыю спецтэхнікі, стваранай Мінскім аўтазаводам разам з сусветным аўтагігантам Zoomlion. 25-тонны аўтакран ZMC-25 атрымаў сертыфікат адпаведнасці тэхнічным рэгламентам і адабрэнне тыпу транспартнага сродку.

ZMC-25 абсталяваны стралой рэкорднай даўжыні – 33 м (з «гужам» – 41 м) – і можа падымаць практычна любыя грузы на вышыню 12-павярховага дома. Яго таксама адрозніваюць павышаная ўстойлівасць і надзейнасць: адмысловая канструкцыя забяспечвае аптымальнае размеркаванне напружання. Акрамя таго, навінка валодае адным з найлепшых шасі ў СНД, якое выпускаюць у Мінску.

Рынак ЕАЭС з гэтага часу адкрыты для спецмашыны беларускай вытворчасці адразу ва ўсіх сегментах экалагічных патрабаванняў і стандартаў. «Сертыфікаты Мытнага саюза пацвярджаюць, што сабраная ў Магілёве спецтэхніка з’яўляецца бяспечнай, – падкрэсліў Юрый Півавараў. – Толькі ў Расіі аб’ёмы продажу аўтакранаў складаюць сотні мільёнаў долараў».

Новую вытворчасць «Зумліён-МАЗ» запусцілі менш чым за год. Прытым што звычайна ў галіне цяжкага машынабудавання шлях ад чарцяжоў да гатовага вырабу займае каля 3 гадоў. Услед за ZMC-25 беларуска-кітайская каманда асвоіла доследныя ўзоры аўтакранаў грузападымальнасцю 40 і 60 т.

ТАА «Зумліён-МАЗ» зарэгістравана ў лютым 2017 года ў Магілёве, дзе на свабодных плошчах завода «Магілёўтрансмаш» разгарнула вытворчасць спецтэхнікі. Сёння СП вырабляе аўтакраны, а ў перспектыве плануе асвоіць выпуск аўтабетонанасосаў, аўтамабільных бетоназмяшальнікаў і камунальных машын. Большую частку прадукцыі плануецца экспартаваць. Нядаўна кампанія запусціла афіцыйны партал, на якім прадстаўлены прадукцыя, дылерская і сэрвісная сеткі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая