II З’езд вучоных Беларусі адкрываецца ў Мінску. У форуме, які пройдзе 12-13 снежня, прымуць удзел 2,6 тыс. чалавек, у тым ліку замежныя госці. Чакаецца прыезд дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны, а таксама вядомых навукоўцаў Саюзнай дзяржавы, СНД, вядучых замежных акадэмій навук, сусветных навукова-даследчых арганізацый і цэнтраў.
У першы дзень работы з’езда дэлегаты і запрошаныя будуць працаваць па дзевяці секцыях, прысвечаных асноўным напрамкам развіцця навукі і міжнароднага супрацоўніцтва. Прадугледжана арганізацыя маладзёжнай секцыі. Праца секцый будзе праходзіць у арганізацыях НАН Беларусі, а таксама ў арганізацыях іншых міністэрстваў і ведамстваў. На з’ездзе будуць працаваць секцыі: «Фізіка і інфарматыка ў тэхналогіях будучыні» (месца правядзення – Інстытут фізікі НАН), «Тэхнічныя навукі – Індустрыя 4.0» (БНТУ), «Сучасная хімія і рацыянальнае прыродакарыстанне» (БДУ), «Сучасныя біятэхналогіі» (Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН); «Медыцынскiя i фармацэўтычныя навукі» (Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі), «Айчынная гуманітарыстыка – грамадству» (Прэзідыум НАН Беларусі); «Інавацыйны аграпрамысловы комплекс» (НПЦ НАН па механізацыі сельскай гаспадаркі); «Моладзь і новыя гарызонты навукі» (Ліцэй БДУ), «Міжнароднае навуковае ўзаемадзеянне на сучасным этапе» (Прэзідыум НАН Беларусі). Падчас працы апошняй секцыі адбудзецца пасяджэнне Савета Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН) і пасяджэнне Кансультацыйнага савета па пытаннях аховы інтэлектуальнай уласнасці і перадачы тэхналогій пры МААН. На кожнай з дзевяці секцый 12 снежня будзе арганізавана тэматычная выстава.
Пленарнае пасяджэнне пройдзе 13 снежня. На месцы яго правядзення адкрыецца абагульненая міжведамасная выстава. НАН Беларусі і Беларуская гандлёва-прамысловая палата прыменяць новую канцэпцыю выставачнай дзейнасці. Выстава пройдзе пад лозунгам «Беларусь інтэлектуальная» і будзе складацца з васьмі кластараў, звязаных з прыярытэтамі развіцця краіны: Беларусь як IT-краіна і тэхналогіі штучнага інтэлекту, электратранспарт, электроніка, нанаіндустрыі і адытыўная вытворчасць, касмічныя тэхналогіі, беспілотныя рабатызаваныя тэхналогіі, біятэхналогіі і фармацэўтыка, прамысловыя тэхналогіі і новыя матэрыялы. Будзе прадстаўлены беларускі персанальны суперкамп’ютар, электрамабіль, электравеласіпед і іх кампаненты, беспілотнікі, сонечныя элементы, разумныя ніткі для лёгкай прамысловасці, прадэманстраваны магчымасці 3D-друку з розных матэрыялаў, паказаны вынікі работы Беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і спадарожніка сувязі «Белінтарсат-1» . Падчас з’езду будзе прэзентавана ўнікальнае выданне – кніга «Навукоўцы, якія ўславілі Беларусь». У ёй расказваецца больш чым пра 150 выдатных дзеячаў беларускай навукі. Кніга была падрыхтавана і выпушчана ў Год навукі.
Ключавым дакументам, які будзе вынесены на II З’езд вучоных Беларусі, стане праект стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018-2040». Зараз гэты праект праходзіць грамадскае абмеркаванне. У стратэгіі вызначаны прыярытэты доўгатэрміновага развіцця навукі і тэхналогій, а таксама комплекс інструментаў удасканалення навукова-тэхнічнай сферы, якія забяспечаць новую якасць эканамічнага росту Беларусі і выхад у перспектыве на сусветны ўзровень па шэрагу напрамкаў. Стратэгія распрацавана вучонымі НАН Беларусі з улікам заўваг і прапаноў, што паступілі ад органаў дзяржкіравання, рабочых груп і асобных вучоных. Мяркуецца, што, дзякуючы рэалізацыі стратэгіі, да 2040 года навукаёмістасць ВУП павінна скласці 3%, доля прарыўных навуковых даследаванняў і распрацовак – 30% у агульным аб’ёме, доля высокатэхналагічных сектараў у структуры эканомікі – 10%. У агульным аб’ёме вытворчасці прампрадпрыемстваў 25% будзе займаць інавацыйная прадукцыя.
Правядзенне з’езда будзе выніковым мерапрыемствам Года навукі. На з’ездзе будуць вызначаны асноўныя і найбольш актуальныя задачы і напрамкі развіцця навуковай сферы, якія маюць доўгатэрміновы характар, у тым ліку пашырэнне міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і інтэграцыя айчыннай навукі ў сусветную навуковую прастору, выпрацавана канцэпцыя доўгатэрміновай навукова-інавацыйнай бяспекі краіны і генеральная стратэгія развіцця і павышэння ролі айчыннай навукі ў эканоміцы, яе ўзаемадзеяння з рэальным сектарам, фарміравання эфектыўнай нацыянальнай інавацыйнай сістэмы і паступальнай рэалізацыі мадэлі эканомікі ведаў у Беларусі.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59