У Палацы мастацтваў Бабруйска сёння пройдзе ўрачыстая цырымонія закрыцця рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца Беларусі 2017». Пра гэта паведамілі ў гарвыканкаме.
Перад пачаткам святочнага мерапрыемства на пляцоўцы каля ўстановы культуры адбудзецца адкрыццё тэматычнай скульптурнай кампазіцыі. Як расказаў аўтар творчага праекта, скульптар і мастак Аляксандр Шапо, гэта будзе дзяўчына, якая ўвасабляе Бабруйшчыну і Магілёўшчыну, з маладым і прыгожым тварам, у аўтэнтычнай вопратцы. У руках яна трымае пэндзлі для малявання, разгорнутую кнігу, на якой намаляваны герб горада на Бярэзіне, яго назва і надпіс «Культурная сталiца Беларусi-2017».
Плануецца, што пасля афіцыйнай цырымоніі закрыцця на галоўнай канцэртнай пляцоўцы Бабруйска выступяць арт-група «Беларусы», Ірына Дарафеева, мужчынскі хор «Усіхсвяцкі», народныя артысты Беларусі Ніна Шарубіна, Сяргей Франкоўскі, Ігар Алоўнікаў, выхадцы з бабруйскіх калектываў Сяргей Кудрачоў, Віталь Гардзей і інш.
Як расказалі суразмоўцы, падчас рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца» праведзена звыш 100 мерапрыемстваў – творчых праектаў, конкурсаў, фестываляў, канцэртаў і выстаў, юбілейных праграм.
Юныя таленты Бабруйска і настаўнікі школ мастацтваў прынялі ўдзел у 90 міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсах і заваявалі 300 дыпломаў лаўрэатаў. Скарбонку ўзнагарод пераможцаў папоўніў 64 залатымі, 4 срэбнымі, 3 бронзавымі медалямі ўзорны ансамбль эстрадна-спартыўнага танца «Мара».
У год культурнай сталіцы горад сустракаў удзельнікаў трох міжнародных форумаў – фестывалю народнай творчасці «Вянок дружбы», 15-га пленэра па кераміцы «АРТ-Жыжаль», фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча.
Пры садзейнічанні Пасольства Германіі і Інстытута імя Гётэ прайшлі Дні нямецкага кіно. На сцэнічнай пляцоўцы Палаца мастацтваў адбыўся рэспубліканскі агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці сярод прадпрыемстваў «Белдзяржхарчпрама».
Упершыню запушчаны праект «Беларускі ўікэнд» – у кінатэатрах горада дэманстраваліся фільмы замежнай вытворчасці на беларускай мове.
Адкрыццямі, акрамя асноўных мерапрыемстваў, сталі I дзіцячы фестываль-конкурс вакальна-харавой творчасці, восеньскі пленэр «Вытокі творчасці культурнай Сталіцы», I гарадскі конкурс тэатральнага мастацтва «У святле сафітаў Бабруйск!». У краязнаўчым музеі адбылося спецыяльнае гашэнне канверта з арыгінальнай маркай «Культурная сталіца Беларусі».
Нагадаем, культурнымі сталіцамі ў розныя гады былі: 2010-ы – Полацк, 2011-ы – Гомель, 2012-ы – Нясвіж, 2013-ы – Магілёў, 2014-ы – Гродна, 2015-ы – Брэст, 2016-ы – Маладзечна.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 14:27
Магілёўскі абласны драматычны тэатр 25 і 26 жніўня прадставіць прэм’еру спектакля «Гэта ўсё яна»
20.08.2020 - 10:25
Арт-праект «Мастацтва XXI стагоддзя без маскі» адкрыўся ў Магілёве
13.08.2020 - 11:43
Тэатр паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення СПБ адкрые чарговы сезон на свяце ў Бялынічах
12.08.2020 - 14:34
23.07.2020 - 11:21
23.07.2020 - 11:07