Рус Бел Eng 中文

За выхадныя і святочныя дні супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі Магілёўскай вобласці выявілі больш за 1,5 тыс. парушэнняў Правілаў дарожнага руху

За выхадныя і святочныя дні (30-31 снежня і 1-2 студзеня) супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі на дарогах Магілёўскай вобласці выявілі 1541 парушэнне ПДР. Пра гэта паведаміла інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама Таццяна Старасотнікава.

Затрыманы і адхілены ад кіравання 61 кіроўца, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, і 221, які перавысіў хуткасць. Акрамя таго, інспектарамі ДАІ аштрафавана 386 пешаходаў-парушальнікаў, 243 з якіх – за невыкарыстанне флікераў у цёмны час сутак.

Субяседніца таксама адзначыла, што за чатыры дні было зарэгістравана 2 дарожна-транспартных здарэнні, у выніку якіх 2 чалавекі загінулі, 2 атрымалі траўмы.

Так, 30 снежня ў 15.30 у Бабруйскім раёне 39-гадовы жыхар Светлагорска, кіруючы аўтамашынай «Рэно Лагуна» па аўтадарозе Бабруйск-Мазыр, паблізу вёскі Калінаўка, выехаў на левую па ходзе руху абочыну і здзейсніў наезд на аўтамашыну «Аўдзі А6», якая стаяла без парушэнняў. У выніку ДТЗ вадзіцель «Рэно» ад атрыманых траўмаў памёр на месцы, яго пасажырка, 44-гадовая жыхарка Светлагорска, памерла пры дастаўленні ў бальніцу. Яшчэ адзін 33-гадовы пасажыр з чэрапна-мазгавой траўмай, страсеннем галаўнога мозгу, ударам грудной клеткі, ірванай ранай ніжняй губы і падбародка шпіталізаваны. Следчым камітэтам распачата крымінальная справа.

 

Відавочцаў дадзенага дарожна-транспартнага здарэння і грамадзян, якія маюць якую-небудзь інфармацыю пра тое, што здарылася, просьба патэлефанаваць следчаму па тэлефоне 8 (0222) 29-82-62 або звярнуцца ў дзяжурную частку ДАІ па тэлефонах: 48-44-44, 46-44 -44.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая