Рус Бел Eng 中文

Жартаўлівы рок-мюзікл «Страсці па Цілю» прывязе ў Магілёў тэатр Генадзя Гладкова «Тэрыторыя мюзікла»

У Магілёве на сцэне абласнога драматычнага тэатра адбудзецца паказ жартаўлівага рок-мюзікла «Страсці па Цілю». Пастаноўку на дзве дзеі прадставіць у горадзе на Дняпры тэатр Генадзя Гладкова «Тэрыторыя мюзікла» з Менска.

Сучасную інтэрпрэтацыю рок-мюзікла па аднайменнай п’есе Рыгора Горына паставіла рэжысёр Анастасія Грыненка. Першы прэм’ерны паказ спектакля прайшоў у Мінску 12 чэрвеня 2017 года, а 8 лютага ў 18.30 яе ўбачаць магілёўцы.

Не многія ведаюць, што ў 1974 годзе спектакль «Ціль» па п’есе Горына паставіў малады рэжысёр Марк Захараў, адкрыўшы сучасную эру маскоўскага Ленкама. Анастасія Грыненка прапанавала гледачу сваё бачанне п’есы, ахарактарызаваўшы сваю працу як тэатральнае разважанне на тэму.

У тэатры Гладкова герой фламандскага Сярэднявечча зноў выходзіць на падмосткі ў новым сцэнічным прачытанні легендарнай п’есы, у новым для сябе жанры жартаўлівага рок-мюзікла і, аднаўляючы сувязь часоў, крочыць насустрач сучаснаму пакаленню гледачоў.

Адкрываецца заслона – і глядач акунаецца ў атмасферу змрочных часоў інквізіцыі, якая панавала ў Фландрыі XVI стагоддзя пад уладай іспанскага караля.

У гэты цяжкі час у сям’і вугальшчыка Клааса нарадзіўся сын Ціль па мянушцы Уленшпігель. Лёс распарадзіўся так, што стаў ён несмяротным «Духам Фландрыі», героем фламандскіх легенд, вандруючы па свеце, «славячы ўсё добрае і прыгожае і над глупствам смеючыся да ўпаду», гаворачы праўду ў твар тыранам і не прапускаючы ніводнай спадніцы.

У рок-мюзікле гучаць вершы Юрыя Энціна, Юлія Кіма, Яўгенія Еўтушэнкі. Музыку да пастаноўкі «Страсці па Цілю» напісаў народны артыст Расіі, кампазітар і ідэйны натхняльнік тэатра Генадзь Гладкоў, чыё імя носіць тэатр.

Тэатр Генадзя Гладкова «Тэрыторыя мюзікла» створаны ў 2012 годзе ў Мінску. Тут служаць маладыя і ўжо вядомыя беларускія артысты, лаўрэаты і дыпламанты міжнародных конкурсаў Зміцер Якубовіч, Ілона Казакевіч, Дзяніс Нямцоў, Кацярына Дзегцярова, Аляксандр Асіпец, Юлія Шышко, Святлана Мацыеўская, Дзмітрый Маціеўскі. Сёння гэта адзіны тэатр, які носіць імя вядомага кампазітара і карыстаецца яго падтрымкай.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая