Рус Бел Eng 中文

Бабруйскі ўзорны ансамбль эстрадна-спартыўнага танца «Мара» вярнуўся з Чэхіі з узнагародамі міжнароднага музычнага фестывалю

З перамогі пачаў 2018 год бабруйскі ўзорны ансамбль эстрадна-спартыўнага танца «Мара». Яго ўдзельніцы вярнуліся з узнагародамі Міжнароднага дзіцячага і юнацкага агульнажанравага музычнага фестывалю ў Празе «Мелодыя зімовай Чэхіі», паведамляе Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы.

Тыдзень навагодніх вакацый у Чэхіі прынёс важную перамогу, якой не хапала ў скарбонцы бабруйскага тытулаванага калектыву. Так, 6-гадовая зорачка Дамініка Панцялеева з дэбютным сола «Дзіва» заваявала Гран-пры міжнароднага фестывалю.

Акрамя таго, паспяховае выступленне трыа з акрабатычным танцам «Friendgirls» аказалася найлепшым у катэгорыі «Дзеці 6-12 гадоў». Срэбра заваяваў ансамбль «Мара» ў намінацыі «Дзеці 6-12 гадоў». На рахунак каманды яшчэ дзве заслужаныя бронзы ў намінацыях «Мастацкая гімнастыка» і «Акрабатычны танец» запісалі Валерыя Цымбалава (11 гадоў) і Аляксандра Карабанава (9 гадоў).

У катэгорыі 13-16 гадоў ансамбль таксама заваяваў россып узнагарод. Золата фестывалю ў старэйшай узроставай катэгорыі ў таленавітай Карыны Лагойка (13 гадоў). Дэбютантка Дзіяна Северына (13 гадоў) удастоена срэбра ў зусім новай намінацыі «Мадэрн». Таксама не было роўных дуэту Дыяны Северыной і Карыны Лагойка.

Як прызналіся ва ўзорным ансамблі эстрадна-спартыўнага танца «Мара», галоўныя складнікі поспеху творчай каманды простыя: эксклюзіўныя касцюмы і аксесуары ручной працы дызайнера Наталлі Смалянок, зачаравальныя прычоскі Ліліі Валько, неардынарныя пастаноўкі ў цалкам розных стылях харэографа, трэнера і кіраўніка Рэнаты Каладзінскай, новыя ідэі і арыгінальны рэквізіт трэнера Сяргея Панцялеева. Атрымаць адну вялікую сумесную перамогу таксама дапамагло творчае натхненне, энергія, талент, жаданне працаваць у вучняў і педагогаў, падтрымка бацькоў.

Фота – Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая