У Магілёўскай вобласці добры патэнцыял для развіцця. На гэта звярнуў увагу старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі падчас круглага стала з удзелам заслужаных людзей Прыдняпроўскага краю, прысвечанага 80-годдзю рэгіёна.

Паводле слоў кіраўніка вобласці, у значныя даты прынята падводзіць вынікі, ацэньваючы зробленае, будаваць планы на будучыню. «Юбілейны год Магілёўшчына адзначае з пэўнымі вынікамі ў сацыяльна-эканамічным развіцці, – адзначыў Уладзімір Даманеўскі. – У 2017-м рэгіён добра спрацаваў па асваенні новых рынкаў збыту, праграме імпартазамяшчэння, прыцягненні замежных інвестыцый на чыстай аснове. Гэта дае магчымасць выбудоўваць планы па далейшым стварэнні сучасных прадпрыемстваў з новымі працоўнымі месцамі».

Сімвалічна, што адзін з перспектыўных праектаў Магілёўская вобласць заключыла з літоўскай кампаніяй ARVI 15 студзеня, у дзень 80-годдзя рэгіёна. Згодна з інвестдагаворам, у Клімавіцкім раёне будзе арганізавана прадпрыемства па вытворчасці мяса індычкі поўнага цыклу. Праект падпадае пад дзеянне Указа №235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці», а значыць, інвестары атрымліваюць адпаведныя прэферэнцыі. «Прыемна, што дзякуючы ўказу ў дадзеных раёнах адзначаецца эканамічная актыўнасць як з боку дзяржаўных прадпрыемстваў, так і прыватных структур», – падкрэсліў губернатар.

Уладзімір Даманеўскі адзначыў: сёння наша прадукцыя запатрабавана на многіх рынках, і гэта значнае дасягненне, паколькі прамысловым прадпрыемствам даводзіцца працаваць у няпростых умовах жорсткай канкурэнцыі, надаючы асаблівую ўвагу мадэрнізацыі вытворчасцей. «Перааснашчэнне вядзе да аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў і, што заканамерна, скарачэння колькасці працоўных. Так, у сучасных рэаліях часам прыходзіцца прымаць няпростыя рашэнні, але гэтае пытанне знаходзіцца на пастаянным кантролі», – падкрэсліў Уладзімір Даманеўскі.

Падчас круглага стала быў закрануты шырокі спектр пытанняў, якія тычацца мінулага, сучаснасці і будучыні рэгіёна. Удзельнікі сустрэчы расказалі пра дасягненні народнагаспадарчага комплексу Магілёўшчыны, абмяняліся ўспамінамі, унеслі прапановы па далейшым развіцці Прыдняпроўскага краю.

Датай стварэння вобласці лічыцца 15 студзеня 1938 года. У Беларусі праведзена адміністрацыйная рэформа, у выніку якой былі ўтвораны 5 абласцей. Сярод іх – Магілёўская з адміністрацыйным цэнтрам горадам Магілёвам.

Сёння Прыдняпроўскі край валодае значным шматгаліновым экспартаарыентаваным прамысловым патэнцыялам і з’яўляецца адным з найбуйнейшых культурных рэгіёнаў Беларусі. У яго склад уваходзіць 21 раён, 15 гарадоў, у тым ліку два абласнога падпарадкавання – Магілёў і Бабруйск, 8 пасёлкаў гарадскога тыпу, 155 сельсаветаў з 2985 сельскімі населенымі пунктамі. Насельніцтва перавышае 1 млн. чалавек.

З нагоды 80-годдзя з дня стварэння ў вобласці з 14 снежня аб’яўлена акцыя «Эстафета добрых спраў». У праекце прымаюць удзел усе раёны Магілёўшчыны, а таксама прамысловыя прадпрыемствы, навучальныя ўстановы і ўстановы культуры. Юбілейнай падзеі прысвячаюцца канцэртныя праграмы, выставачныя праекты, гістарычныя канферэнцыі, адкрыццё аб’ектаў і іншыя мерапрыемствы. Цэнтральным мерапрыемствам да 80-годдзя рэгіёна стане ўрачысты сход, які пройдзе 2 лютага ў Магілёве.


Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59